Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. Алег Грушэцкі
і дзядулі, – вярнулася з нябёсаў на зямлю Мілана.
– Гэта ўжо больш зразумела, таксама люблю бываць на вёсцы. Але ж што гэта за каралеўства?
– Гэта так, з фільма аднаго, фэнтэзі, – выкруцілася кемлівая школьніца.
– А я ўжо на секунду падумала, што нешта з геаграфіі прапусціла, – пажартавала настаўніца. – Зрэшты, зараз столькі экзатычных напрамкаў, што часам нават дзіву даешся.
Ужо дома дзяўчына прызналася брату:
– Ты ведаеш, я сёння знянацку ледзь не прабалбаталася пра каралеўства.
– Як так?
– Замарылася, быццам зноў па ім вандрую.
– Разумею, таксама сумую па тых прыгодах. Але ты, глядзі, асцярожней у наступны раз. Гэта вялікі сакрэт!
Яны насамрэч знудзіліся па тых часах, калі яны, як сапраўдныя героі, змагаліся за волю цэлага краю, ратавалі сваіх сяброў і адстойвалі справядлівасць. Успаміны адразу паглынулі іх, і ім зноў захацелася апынуцца побач са сваімі прыяцелямі, якія так хутка для іх сталі блізкімі і дарагімі: мудры Пугач, волат Вярнігара, вужалкі… А як жа там Цмок пажывае? Улічваючы, што час у залюстрэччы цячэ зусім інакш, пэўна, ён ужо падрос. А каралевічы Сэнмур і Рэгла, з якімі склаліся такія цёплыя адносіны? Спаткацца б з імі ізноў… А зрэшты – чаму не? Бацькі ім ужо паабяцалі, што вакацыі яны правядуць у бабулі з дзядулем. А значыцца – усё магчыма. І настрой адразу ж узняўся.
Ужо хутка яны радасна збіраліся ў дарогу. Але што з сабой узяць на гэты раз? Калі шчыра, браць даспехі Янку ўжо не так хацелася. За паўгода ён падрос, стаў больш сур’ёзны, і цягнуць з сабой у вёску штучны набор, ды яшчэ і зімой, яму ўжо было не цікава. Затое ў яго цяпер было тое крэсіва, пра якое ён так марыў. Бацька, даведаўшыся пра гэта, купіў яму, бо Янка нярэдка хадзіў у вандроўкі на прыроду са скаўтамі. І ліхтарык яшчэ паклаў у заплечнік, якасны, святлодыёдны. А таксама, хоць і кампактны, але досыць моцны палявы бінокль. І, вядома ж, не забыў ён запакаваць і акуратна ўкласці драўляныя крыж з падковай, пры дапамозе якіх можна было адчыніць чароўны партал праз люстэрка ў таямнічае каралеўства.
А вось Мілана і ў гэты раз з задавальненнем брала сваю дыядэму, якой вельмі ганарылася. Вельмі цешыла дзяўчыну тое, за што яе атрымала – найпрыгажэйшая паміж аднагодкаў на раённым конкурсе! А на шыю павесіла той загадкавы кулончык дзіўнага фіялетавага колеру ў дэкаратыўнай аправе, пры дапамозе якога можна было выклікаць Цмока.
На наступны дзень яны ўжо і выехалі, каб паспець акурат да каляднай вячэры. Шлях быў няблізкі. Але менавіта зімой наш лес выглядае асабліва цудоўна, нават – чароўна. Высачэзныя сосны і яліны, нібы заможныя шляхцюкі і паненкі, апранутыя ў багатыя пясцовыя шапкі ды палярыны, выхваляюцца хараством сваіх строяў, якія так і ззяюць на сонцы. А рассыпаны пад ім сумётамі белы пушысты снег зіхаціць пералівам, нібы раскіданыя прыгаршчамі дарагія дыяменты. Гледзячы на гэтае пышнае багацце, Мілана з цеплынёй ўспомніла тую самую футраваю палярыну ад Сэнмура, годную асоб каралеўскай крыві. Вось бы калі яна спатрэбілася. Але ў такой раскошы фарсіць па вёсцы неяк няёмка. Хіба што пры двары. І тут перад яе вачыма паўстала выява прыгожа ўбранага замка, у якім яны балявалі перад развітаннем, і ў якім нарэшце ўладарыў праўдзівы кароль. Калі ўсё складзецца добра, то найверагодней з ім можа і пабачацца. Спадзяемся, у каралеўстве нарэшце пануе мір і спакой.
Казачны пейзаж за акном зачароўваў, але белая аднастайнасць хараства паволі закалыхвала, і неўзабаве дзеці і самі не заўважылі, як праваліліся ў сон. Раптам іх абудзіла рэзкае тармажэнне. Машына не пайшла ў занос, бацька быў дасведчаным кіроўцам, а дзеці не пацярпелі, бо былі прышпіленыя поясам бяспекі. Прычынай усёй гэтай аказіі быў малады лось, які знянацку з’явіўся на дарозе і ледзьве не стаў віноўнікам няшчаснага здарэння. Калі той заўважыў транспарт, што на яго рухаўся і сігналіў, ён спужаўся, і даў ходу, праўда, трохі прабуксаваўшы на старце даўгімі худымі нагамі.
– Вух ты, лось! – толькі і дзівіўся Янка.
– Так, ледзьве з намі не павітаўся, – прыходзіў у сябе ад шоку бацька.
– Далёка ж мы ад горада забраліся, відаць, як ласі так вольна шпацыруюць, – азіралася па баках Мілана, у надзеі выгледзець каго яшчэ.
– Чаму? Бывае, што яны і ў горад заходзяць, – не пагадзілася маці.
– Бывае, і зайцоў дзе на ўскрайку можна ўбачыць, – падтрымаў бацька.
– Ды ну?!
– Сам некалькі разоў бачыў.
Але ж ад горада яны былі зусім далёка. І праспалі дзеці досыць доўга, ужо хутка і дзедавы мясціны павінны былі паўстаць. Далейшая дарога была без здарэнняў, а ў хуткім часе яны праехалі і ўказальнік павароту на любімую вёску. Уздоўж дарогі ляжалі пухнатыя сумёты, за горадам снегу заўсёды паболей. А як толькі ўехалі ў вёску, адразу кінулася ў вочы акуратнасць гаспадароў – адснежаныя ходнікі, пачышчаныя заезды да брам. Кожны імкнуўся прыбраць не толькі ў сваім двары, але і за плотам, каб суседзі не лічылі цябе за лайдака, ды й вока цешыла, зрэшты. Гэтак жа было чыста і дагледжана і перад дзедавай хатай.
На пад’ездзе да вёскі яны патэлефанавалі, папярэдзіўшы, таму брамы ўжо былі расхінутыя.