Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі. Цітыюс Юльян
Перад вынасам яго труны з дома (Бабацянскага, насупраць старажытнага каралеўскага млына, які ў той час яшчэ існаваў і быў зруйнаваны ў 1870 г.), старшыня Археалагічнай камісіі і Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч і сівы гісторык Мікалай Маліноўскі41 паклалі на скроні паэта лаўровы вянок. Пахавалі на Росах.
1863. 10 (22) студзеня выбух паўстання ў Каралеўстве. У Літве не хацелася ў гэта верыць. На пачатку лютага ў Вільню прыбылі палкі гвардыі… Я скарыстаўся добрай прапановай суправаджаць хворую маладую даму за мяжу і пакінуў край. Генерал-губернатар Назімаў, які кіраваў у Вільні да паловы 1863 г., хоць і меў загад з Пецярбурга больш не даваць замежных пашпартоў, але выпусціў нас у Еўропу. Выехаў на два месяцы. Вярнуўся праз два гады. Не жадаў бачыць зблізку паразы і знішчэння, крыві і круцельства, якія мела Літва, і таму адразу прыняў прапанову з'ехаць, бо ўбачыў у гэтым ласку лёсу.
……
1873. Гэта была апошняя зіма для маёй найлюбімейшай маці. 6 красавіка яе чысцюткая душа пакінула гэтую юдоль плачу. Усім, што ёсць ува мне добрага, я павінен быць удзячны ёй. […]
З маладосці падтрымлівала адносіны з вяршкамі інтэлігенцыі. Знакамітыя прафесары віленскага ўніверсітэта і літаратурная моладзь часта да яе прыходзілі, чыталі свае творы ці прысвячалі свае кнігі. Было гэта паміж 1820-м і 1831-м гг.
Міцкевіча не памятаю, але імя яго было адным з першых, якое дзіцячая галава запомніла. У бібліятэчнай шафе маёй маці (з карэльская бярозы, са шклянымі дзвярмі), сярод іншых кніг было першае выданне, падараванае самім Адамам перад тым, як ён назаўсёды пакінуў Вільню (1824 г.). Гэтыя два томікі звярнулі ўвагу сямі- васьмігадовага хлопца. Пачаў учытвацца і, натуральна, не ўсё разумеў. Маці тлумачыла і расказала мне, што той, хто гэта напісаў, перад выездам на чужыну прынёс кнігі на памяць і папрасіў зрабіць пераплёт, што я меў тады чатыры гады, і ён узяў мяне на рукі і пацалаваў. «А дзе зараз Міцкевіч?» – запытаў. Адказала: «Сп. Маліноўскі (Мікалай, пазнейшы вучоны, гісторык), які разам з ім у нас бываў, учора сказаў, што ён у Маскве». На гэтых томіках, таго даўно раскупленага выдання Завадскага ў Вільні, як і на ўсіх кнігах маці, яе дарагой рукой наклеена бірка: «З кніг Ганны Цітыюс».
Памятаю, як у 1829 г. сябар і ўніверсітэцкі калега Міцкевіча Мікалай Маліноўскі прывёз для маёй маці ў падарунак ад Міцкевіча з Пецярбурга толькі што выдадзеную там гістарычную паэму «Конрад Валенрод» з трыма малюнкамі, якія мне вельмі падабаліся, і дадаў, што 15 мая Міцкевіч выехаў за мяжу.
Антона Гарэцкага42, любімага і дасціпнага байкапісца (да 1831 г.) добра памятаю як частага госця ў нашым доме. Прафесар Лелявель вучыў маю маці гісторыі, і ў 1857 г., васьмідзесяцігадовы стары, пачуўшы маё прозвішча, заплакаў.
Сябрамі бацькоў, а больш маці, былі яшчэ два высакародныя і вучоныя паэты: Ігнат Шыдлоўскі і Станіслаў Расалоўскі43, абодва былыя студэнты ўніверсітэта, памерлі: першы ў 1846 г. другі ў 1855 г.
Шыдлоўскі раней быў старшым прафесарам у гімназіі. Пасля смерці прафесара ўніверсітэта
41
Мікалай Маліноўскі (1799—1865), гісторык, археограф, выдавец дакументаў па гісторыі Літвы і Польшчы. –
42
Гарэцкі Антоні (1787—1861), паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. Удзельнік таварыства шубраўцаў. Удзельнік паўстання 1830—1831 гг. З 1832 г. у эміграцыі. Гл: Лаўрэш Леанід. Антоні Гарэцкі – забыты паэт // Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011. C. 194—200. –
43
Антоні Эдвард Адынец пісаў: «Шыдлоўскі і Расалоўскі – былі ў 1820 годзе карыфеямі паэзіі ў Вільні. Іх творы кожны месяц, калі не кожны тыдзень, паказваліся адны за другімі ў „Dzienniku“, „Tygodniku“ або ў „Wiadomosciach Brukowych“. Праўда, рэдактары не плацілі ім за іх, але ўжо прынамсі не лічылі за ласку іх прымаць і друкаваць, як гэта звычайна рабілася адносна іншых прэтэндэнтаў на славу». Гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 100—102. –