Хрэст на свабоду. Пашкевіч Алаіза
АБОДУ
Хрэст на свабоду
На усходзе красна неба.
Нас ня дзівіць – так і трэба!
Кроў ракамі льецца ў мора,
Салдат гіне там ад гора
Без кашулі і бяз хлеба.
Нас ня дзівіць – так і трэба!
Гоняць сына, гоняць мужа,
Мы слухаем цара дужа.
З душы б’ецца скарга ў неба,
А мы маўчым – так і трэба!
Жандар стрэле, казак б’ецца,
У народа спіна гнецца
Ад налогаў з солі, хлеба,
А мы плацім – так і трэба!
Ў Пецярбурзе зьмерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі,
Бо то зь песьняй і з алтарам
Пайшлі з папом перад царам.
А цар сыпнуў, як бы зь неба,
Тысяч куляў – так і трэба.
Дурняў хрысьціць на свабоду.
Цар навуку даў народу,
Паказаў ім, як бы зь неба,
Што больш цара не патрэба!
Тагды Гапон у грамаду
Бяжыць, крычыць: «Трэба ладу,
Трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў,
Трэба біць нам гэтых шэльмаў.
Трэ злізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў».
Чую яшчэ голас з неба,
Што цара павесіць трэба!
3 той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоняць вон цара-зладзея!
Народ чуе голас зь неба,
Што больш цара не патрэба!
Бомба – трах. Сяргей у шматы,
Мірскі бяжыць аж дахаты,
Цар у страху, сенат млее,
Беданосцаў аж хварэе…
Кладуць сеткі, каскі, бляхі.
Найбольш страшаць – гэта ляхі:
Ціха колюць, цэльне стрэляць,
Так, як жыта, чарцей мелюць.
Народ чуе голас зь неба,
Што больш цара не патрэба.
Люты, 1905.
Небывалыя часы
I песьні заціхлі, і сьмеху ня відна,
I дзеці старэнькімі сталі.
I ноты вясёлы музыкам браць стыдна,
Радасны струны парвалі.
I фарбы артыстаў смутна рысуюць,
I цені ясны зьміраюць.
I вершы паэты з жалем рыфмуюць,
I сэрцы кроўю сплываюць.
Студзень, 1905
Мора
Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
Мейсцам хваля стогнам рыкне,
Мейсцам плач сарвецца з губ,
Мейсцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі сьвяты сон.
Б’ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі,
Бог склікае сьвяты сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусьціць у ход.
Бой пачаўся. Войска Бога
Залпам паліць ў горды хвіль…
Мільён згіне, – нова змога
Расьце крэпка праз сто міль.
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт.
Не адступяць войскі Бога…
Бой пачаўся не на жарт.
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасьць,
Ў такім баю толькі грэцца,
Ў такім баю толькі пасьць.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу