У чым яго крыўда?. Гарэцкі Максім
зменшыць прыкрую пакуту, ён нарэшце парушае нуднае маўчанне:
– Не хацелі мяне малога нікуды пускаць, вось я і адзвычаіўся.
Тады крыўдзіцца бацька. Ён нават узнімае галаву.
– Хто цябе не пускаў? Як пачаў вучыцца, калі хацеў – гуляў…
– Не хачу я з вамі спрачацца. Вось падушку ўзялі б сабе пад галаву.
– Я падам! – падлівае ласкі матка.
– На печ падушку?! Хм!.. – чмыхае бацька. – Каб яна тут упылілася, ці што?
Ён папраўляе пад галавою свой армячок і кажа сыну з наўмыснай бесклапотнасцю:
– Э, што там куды хадзіць і ездзіць! Як сабе ведаеш. Во, дзякуй табе, што сядзіш з намі старымі. Прачытай-ка ты хоць нам… Што ты там такое чытаеш?
– Гэта вам будзе нецікава слухаць.
– Чаму нецікава? Што там такое? – не маўчыць бацька.
– Ну, песні розныя, наскія, запісаныя ад народу вучонымі людзьмі.
– Дык нашто гэта яны запісвалі? – дзівіцца матка і просіць: – Прачытай-ка ж нам іх, Лявонічка!
Лявон ведае, што просяць яны так сабе, абы наладзіць з ім нейкую духовую сувязь і разагнаць яго невясёлыя думкі. І ён чытае, нудна і нецікаўна, пару-другую жніўных песень. Бацька спачатку слухае, ды зараз галава яго сцішаецца на армячку ў дрымотным супакоі. Матка ж баіцца і руку перамяніць, а калі чытаннік азірнуўся, яна сумысля падпіраецца другою рукою, каб паказаць, што не заснула, слухае! І з далікатнасці, як думае Лявон, яна гаворыць:
– А сыночак мой! Гэта ж і ў нас іх пяюць. Глядзі, га! Вось жа нехта не паленаваўся, аддрукаваў у кніжцы. Схадзі, Лявонічка, прачытай іх дзядзіне. І я пайду з табою, калі адзін не хочаш, – хапаючыся, дадае яна.
– Не пайду.
– Чаму? Сходзім.
– Сяння ўжо позна…
– Ну во: не пайду і не пайду. Сядзіш цалюткі дзень у хаце.
Сказаўшы так, матка ўжо безуважна маўчыць. І бацька даўно маўчыць, бо спіць.
Лявон моўчкі лістае кнігу – і гастрэй пакутуе, калі таксама безуважна шумяць лісты паперы.
– А можа, і праўда – схадзіць? – раптам аклікае ён матку.
– Як сабе хочаш, сынок, – ухільна кажа яна, змораная дрымотаю.
– Не, сяння ўжо позна, – ізноў раздумаўся ён сам.
…Цемнавата, сцюдзенавата і ціха ў хаце.
– Зараз, мусіць, будуць расходзіцца з вечарушак, – кажа сонная матка, яшчэ раз перамяняючы руку, а не кладучыся, каб не разаспацца.
IV. У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная…
Ад зямлі адарваўся і неба не дастаў…
У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная, а другую, новую, паставіў сабе гаспадар, які робіць сані, каткі, гне дугі, і свая лазня патрэбна яму скрозь усю зіму сушыць дрэва. Мыюцца цёмналесцы зазвычай у сваёй старой супольнай лазні.
Хто не толькі ніколі не мыўся ў старой цёмналескай лазні, але нават ні разу нічога такога і не бачыў, хто наогул думае, што ў Цёмналессі – гэта яму і як у Вільні або ў Менску: калі заманулася, тады і пайшоў у лазню, – дык той, пэўна ж, не зразумее, чаму Лявон цэлы дзень не мог надумацца