Рыбін горад. Наталка Бабіна

Рыбін горад - Наталка Бабіна


Скачать книгу
за ўсё наступным ранкам мне хацелася выспацца. Паспаць. Вось выцягнуцца і спаць, спаць, спаць. Даць адклякнуць напятым нервам. Даць спакой целу. Але гвардыя на двары не здавалася і патрабавала свайго ўжо на досвітку; стогнучы, прыйшлося паднімаць сябе з ложка. Куры выляталі з курніка, як дурныя; гусі шалёна гагалі; качкі кракалі; трусы абураліся моўчкі, толькі выразна шморгалі насамі; а калі я яшчэ ў паўсне адчыніла хлявок, свіння ўсчала такі пранізлівы віскат, што я была на мяжы таго, каб забіць яе на месцы сваімі рукамі. Забіць… Гэтае слова ўтыркнула мяне ў рэчаіснасць, як у разетку. У доме адбылося забойства, незразумелае, але яўнае.

      Бабулі больш няма.

      – Усё засыпана яблыкамі, – Улянка прыпёрла два агромністыя кашы белага наліву і вываліла ў кутку веранды. – Чатыры дні не збіралі, зямля белая.

      Я пачала насякаць буракі, мяшаць крупы і ставіць на газ дробную бульбу.

      – Чаго гэта ты так рана ўсхапілася? Я дык, каб магла, то і не ўставала б. І трэ было жыўнасць выпусціць, калі ўжо ўстала.

      – Не думала, што забаўлюся ў гародзе. Можа, кавы?

      – Давай. Усё роўна спаць ужо не лягу.

      – А потым трэба яблыкамі заняцца. Не прападаць жа ім. Давай я займуся сняданкам, а ты, можа, пайдзі памыйся, а то глядзець страшна. Дастань з гарышча тыя радны, на якіх баба сушыла яблыкі, – крыкнула яна мне ўслед, калі я ўжо ішла да рукамыйніка.

      Рукамыйнік, якога датыкаліся бабуліны рукі. Яе лаўка. Карані дрэваў на сцяжынках, па якіх яна хадзіла. «Зарастуць мае чорныя сцежкі», – часам казала яна, гледзячы ўдалячынь. Няўжо так і не даўмеецца ніхто, навошта мы ўсе топчам чорныя сцежкі?

      Запахла кавай, якую запарыла Уляна, узяўшы з новага, прывезенага з Берасця, пачка.

      А на гарышчы пахла даўніной. Павуцінне і пыл. Па кутках ляжалі нямногія лахі, якія бабуля не лічыла патрэбным паліць: грунтоўныя кросны, некалькі старых польтаў, тоненькая каета, з якой хадзілі ў школу, пэўна, гадах у 20-х… Я перабірала старыя рэчы і міжволі працягвала думаць пра бабу. Яна была чалавекам яркім, неардынарным, багата адораным… У такіх людзей заўсёды знаходзяцца і ворагі… Ну і што, што ёй амаль сто было, ну і што, што жыла яна, не выязджаючы з Дабрацічаў… Тут таксама кіпяць жарсці… Не, бачыць Бог, гэта нават больш рэальна, чым дапусціць, што атрута ў каве была прызначана мне. Госпадзе, ці ж я каму патрэбная?! Ці, дакладней, каму я да такой ступені непатрэбная? Смешна! Вядома, я бесталковая, але што нікому не перашкаджаю – то напэўна. Яшчэ больш недарэчна лічыць, што нехта хоча смерці сястры. Вось у каго не можа быць не тое што ворагаў, а нават нядобразычліўцаў… Яе любяць усе, каго я знаю. Яна чалавек, чалавек са стрыжнем, чалавекплячо, на якое можна заўжды спярэцца. Камертон, па якім правяраюць дакладнасць гучання ноты. Не, немагчыма паверыць, што яе нехта намагаўся знішчыць.

      Запыленая бутля-гамза… У тыя часы, калі знайсці бутэльку, як і абгортку ад цукерак, было раскошай і ўдачай, мы заўсёды бралі яе ў поле, яе было зручна насіць – яна аплецена дротам і з дроту ж зроблена пятля-ручка.


Скачать книгу