Рыбін горад. Наталка Бабіна
ад Дурычаў да нашых Дабрацічаў, па якой нас везлі з бальніцы, віецца роўным полем уздоўж мяжы; вашывыя хутаркі гайдаюцца пад цёплым сонцам, гадзючыная дуброва збоку, балота, міма Гары, адкуль відаць дамы Дабрацічаў, каля могілак, потым зноў балота – бела-баваўняныя пухоўкі сітніку, аер над брунатнай вадой, жоўтыя касачы. У адным месцы ля самага межавога дроту, калі стаць на дыбачкі, можна разгледзець на адлегласці яблыні і бэз – асабліва выразна вясной. Там, пад бэзам, стаялі Дабрацічы раней. Да трыццаць дзявятага года. Да саветаў. Да прагрэсу і гігіены.
Страдче, Любче, Добратычі, Дурычі – я яшчэ застала гэтае вымаўленне: праз мяккае ч – назвы вёсак зусім не змяніліся ад часоў інвентару 1566 года. Маўляў, чые? Нейкага Старада, нейкай Любы, нейкага Дабраты ды нейкай Дуры… Заміраючы, я расчытвала стары дакумент у Луцкім архіве студэнткай на практыцы. Пра Любча ніхто ў нас нават не чуў, і месца, дзе стаяла вёска на сорак дымоў, не ведаў. Яно прапала. Не стала яго, сяльца нейкай Любові. А рэшта засталася. У Дурычах нарадзіліся, а ў Дабрацічах жылі мы з сястрой.
Тут, у Страдчы, Любчы, Добратычэ праз вякі дзень пры дні калаціліся без толку ды ладу мае землякі – істоты без твараў, халодныя, у лусцы і слізі. У норах. Несвядомыя. На шчасце, іх больш няма. Прагрэс, гігіена і саветы перамаглі. Гайдаюцца пад цёплым сонцам, у плынях паветра, прывіды хутаркоў ды хутаранцаў, прывіды гадзючыных дуброваў.
Непадалёк ад нас, у Камароўцы, нарадзіўся першы, бач ты, беларускі касманаўт Пятро Клімук.[1] З Гершонаў – кампазітар Ігар Карнялюк.[2] З Заказанкі – рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.[3] А ў нашых Дабрацічах жыве, як вы ўжо, пэўна, зразумелі, Міхась Яраш.[4]
Калі б я не запрасіла нашага знакамітага паэта Міхася Яраша дахаты, не адбыліся б два забойствы.
Баптысты не пабудавалі б сабе малельны дом.
Не пачаў бы лятаць над Дабрацічамі, Страдчэм і Заказанню турыстычны прагулачны дырыжабль апошняй мадэлі, зіхатлівы, хуткі, і наскрозь празрысты.
Многа чаго не адбылося б, каб я вынесла свой ноўтбук на двор. Але мой старэнькі ноўтбук, калі працуе не ад сеткі, брыкаецца і адколвае розныя некантралюемыя нумары, таму я запрасіла Міхася дахаты, і хутка пасля гэтага зазваніў тэлефон.
Вэлкам у Дабрацічы
Шчыра запрашаю ў Дабрацічы. Уся гэтая гісторыя, небяспечная, як сама літаратура, ёй нават цяжка даць веры, адбылася менавіта тут, у вёсцы, праслаўленай, але, пэўна, трохі ўсё ж прыхарошанай у вершах Міхася Яраша – чалавека таленавітага настолькі, што яго знае 1 з 20 чалавек не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ён піша па-беларуску. А зрэшты, ён піша і па-ўкраінску.
Вёска сапраўды стаіць у харошым сасновым лесе, і сосны, якія ў нас называюцца бар’які, тут сапраўды падобныя да людзей; тут сапраўды пяскі, але, канечне, не «выдмы нябачнага мора»; паблізу няма ні бачнага, ні нябачнага, проста ніякага мора, ёсць толькі некалькі крыніц,
1
Прыдуманая аўтарам асоба.
2
Прыдуманая аўтарам асоба.
3
Прыдуманая аўтарам асоба.
4
Прыдуманая аўтарам асоба.