Рыбін горад. Наталка Бабіна
для нас ступені адчувалі тое, што называюць каханнем: душы нашыя былі максімальна ўзаемаадкрытыя, і нас страшэнна цягнула адно да аднаго. Потым вострая стадыя кахання перайшла ў такое шчыльнае сяброўства, што яно здавалася непарушным. Але парушылася. Жонка-наркаманка – гэта цяжка вытрымаць, нават калі хочаш. А ён жа і не вельмі хацеў.
Жонка-наркаманка. Без дзяцей. Без жадання жыць. Без бляску ў вачах. З бляклым валоссем. Таму я не здзівілася, калі аднойчы зазваніў тэлефон і жаночы голас не без задавальнення паведаміў: «У іх акружэнні не мець каханкі лічыцца дурным тонам. Гэта дадатак да бізнэсу. А вы, здаецца, або сляпая, або зусім без розуму». Вось так. Без розуму ды зроку. Затое мяккацелая ў душэўным (без волі) і цялесным (з цэлюлітам на клубах) сэнсе. Чаго ж было здзіўляцца?
Ноч пасля дажджу
Нарэшце прайшоў доўгачаканы дождж. Пасля дажджу трэба абганяць бульбу, пакуль зямлю зноў не высушыла спякота. Наогул, гэта вельмі сур’ёзна. Гэта нашмат сур’ёзней, чым можа падацца карыстальніку інтэрнэту ці, скажам, топменеджару. Бабуля парывалася зрабіць гэта яшчэ сёння, і я ледзьве змагла яе стрымаць. Зімой бабулі выдалілі катаракту, і доктар папярэдзіў, што ёй трэба ўстрымлівацца ад цяжкой працы. Але сама яна не ўстрымліваецца, а ўстрымаць яе камусьці амаль немагчыма. Яна прывыкла рабіць усё сама, і ніякую работу не лічыць цяжкай. У выніку праапераванае вока час ад часу гнаіцца. Адзіны ж спосаб устрымаць яе ад працы – зрабіць усё самой яшчэ да таго, як бабуля пра яе падумае. Пра абгортванне бульбы гаварылася ўжо даўно, чакалі толькі дажджу. Сёння я не паспела ўзяцца за бульбу, бо займалася пад наглядам і кантролем бабы праполкай і перасадкай буракоў, што таксама было пільнай паслядажджавой работай. Таму заўтра з раніцы, пакуль я буду варыць сняданак, я ведала, бабуля з матычкай пацягнецца на гарод, і яе вока зноў заплыве гноем. Прадухіліць гэта можна толькі адным спосабам – абгарнуць бульбу ноччу.
Вось чаму, скрадаючыся, каб не разбудзіць бабулю, і абліўшыся добрым літрам вадкасці супраць камароў, гадзін у адзінаццаць я выйшла з хаты.
Да гародаў, якія дабрацінцы маюць на добрай, за стагоддзі нанесенай шматлікімі паводкамі Буга зямлі зусім побач з мяжой, трэба прайсці трошкі лесам. Няма нічога лепшага за месяцовую ноч у Дабрацічах. Поўня залівае свет моцным фантастычным святлом, серабрыстае ззянне мяжуе з густымі ценямі. Пяскі нагадваюць пра Алжыр і ружы пустыні, а трава ў нізінах – пра ілюстрацыі да чарадзейных казак. Такая ноч – не толькі нешта само па сабе каштоўнае, яна дадасць сэнсу і твайму досыць пустому існаванню.
Матычку я яшчэ днём прыхавала ў баразне. Паводле маіх разлікаў, на загон мне хопіць гадзіны чатыры-пяць. Месяцовага святла было цалкам дастаткова для маёй работы. Я адшукала матычку і ўзялася за працу. Чуваць было, як на Бугу канцэртуюць жабы. Я старалася махаць раўнамерна, не спяшацца, бо баялася, што хутка стамлюся. Таму што шэйпінгу і басейна мала, каб добра працаваць у полі. Таму што няма ў мяне той загартоўкі, якую маюць цягавітыя дабрацінскія бабулі, няма той вытрымкі і спрыту. У дзевяноста