Рыбін горад. Наталка Бабіна
паступова сышла з зеніту, справілася і я са сваёй работай. Засталося яшчэ толькі некалькі караценькіх папярочок. Я здалёк пачула зваротны Лёнішын званочак, бо прыслухоўвалася, і загадзя грунтоўна схавалася за куст. Цяпер я не адрывала ад Лёніхі вачэй увесь час, пакуль яна ехала ўздоўж нашага гарода, і разгледзела, што на багажніку яе ровара прымацавана нейкая вялікая валіза… Але тут маё сэрца стукнула і спынілася: проста насупраць мяне за мяжой, на нейтральнай паласе, у хмызняку стаяла нешта… нехта… не, пэўна, усё ж нешта – высокая, вышэй за чалавечы рост, фігура ў нейкім белым балахоне, з чорнай плямай замест твару. Гэтае нешта глядзела ў наш бок! Лёніха, нічога не заўважаючы, праехала. Белы прывід ціха адступіў і растаў у тумане, што расплываўся ад Буга.
Застыўшы, я адчувала, як жах, не варты пяцідзесяцігадовай кабеты, але ад гэтага не менш разбуральны, плюшчыць ды расчыняе мае вантробы. Хто або што ж гэта магло быць!? Акрамя адказу «смерць», нішто іншае не прыйшло мне на розум. Менавіта так выглядае смерць паводле дабрацінскіх меркаванняў, так мы ўяўлялі смерць у дзяцінстве, так я ўяўляю яе і цяпер: гіганцкая жанчына ў белым, з велічным і жахлівым чорным тварам, праўда, яна мае быць з касой, але, можа, я не заўважыла касы праз цемру! Ногі пабеглі самі. Як мага хутчэй пайсці адсюль! Чалавек на нейтральнай тэрыторыі ноччу не мог знаходзіцца па вызначэнні, там наогул нікога не магло быць ноччу. Ды і выгляд у яго быў нечалавечы! Гэта істота з таго свету! І яна прыходзіла або па мяне, або па Лёніху! І прыйдзе яшчэ! Так і гавораць: смерць абавязкова спачатку паказваецца, а ўжо потым забірае з сабой.
Я шпарыла дахаты, усім сэрцам жадаючы як мага хутчэй схавацца ў надзейным цяпле дому, і ледзьве паспела затармазіць ля плота. У шэрым святле ранку, які збіраўся пачацца, у час, калі зацятыя грыбнікі ўжо выходзяць з дому з ліхтарыкам, я пабачыла: у акно нашага дома заглядаў чалавек. Хлопец з кароткай стрыжкай, у цёмнай куртцы. Пасля перажытага шоку на гародзе я нават не спалохалася – ужо гэта, несумненна, быў не прывід, а чалавек, і нават меншы за мяне ростам. Не вагаючыся, я штурхнула брамку. На гук ён павярнуўся, перапалохаўся (відаць было па выразе твару) і адразу ж кінуўся наўцёкі. З гарачкі я пабегла за ім.
У нашым плоце тры брамкі: у гарод, да станцыі і «ў грыбы». Ён выбег праз тую, што «ў грыбы», і, пакінуўшы яе адчыненай, знік за дрэвамі. Я зачыніла брамку і засунула засаўку (хаця ад чаго гэта памагло б, спытаюся я зараз), забегла на веранду ды замкнулася на кручок. Абышла дом, упэўнілася, што ўсё мірна і ціха, вярнулася на кухню, яшчэ раз праверыла кручок на дзвярах і кінула позірк на кававарку. Трэба было падумаць.
Я вырашыла, што зараз бы мне не зашкодзіў глыточак чаго-небудзь больш моцнага, чым кава. Калі дакладней, з’явілася нагода так вырашыць. Думка пра глыточак моцнага мільгацела ў галаве ўжо даўно. Некаторы час я вагалася, але потым махнула рукой. Бабуля вяла строгі ўлік запасам алкаголю ў доме, які ўвесь прызначаўся на экспарт: за каня і гасцям. Аднак у мяне было пару бутэлек віскі з д’ЮЦІ фры, якія я прывезла