.
ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.
Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі – пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.
Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.
У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі.[63] Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.
– Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, – сказаў Марагоўскі. – У такую завіруху твой дом – адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.
Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.
– Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!
Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.
– А што, пане асэсар,[64] можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.
– А пан дзетак сваіх – Стася і Юзіка – будзе забіраць дадому?
– Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.
– Даручы мне, я забяру.
– Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.
Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.
Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:
– Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.
– А ці любіць нашы беларускія казкі?
– Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталіся са злым духам.
– Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: «Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам». Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.
Пасля вячэры паклікалі Якуша.
– Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскі,
63
У творы па-рознаму (Мрагоўскі, Марагоўскі) даецца напісанне гэтага прозвішча, але, бясспрэчна, паходзіць яно ад вёскі Марогі (сённяшнія Мурагі), малое радзімы Я. Баршчэўскага.
64
Асэсар – судовая пасада ў Вялікім княстве Літоўскім. У расійскай імперыі асэсары ўтваралі земскую паліцыю павета.