Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
такі Альгерд Абуховіч у беларускай літаратуры? Ды бадай ніхто – меншы ніхто за значна больш вядомага Паўлюка Багрыма, але большы ніхто за Янку Лучыну. Паляк па культуры і выхаваньні, ледзьве не напалову італіец (у ім цякла кроў мілянскага роду Бандынэлі), але беларус па самавызначэньні і мове. Аўтар нейкіх няўцямных баек пра курыц, лісаў, Лысак і ваўкоў, ды опусу пра ваўкалака, які поўзаў ракам. Навошта ён усё гэта напісаў, застаецца таямніцай. Значна больш цікава чытаць ягоныя ляканічныя запісы пра самога сябе: дзе бываў, што бачыў, што запомнілася. А пабачыў ён нямала. Адно знаёмства з графам Кавурам чаго вартае. Бо Абуховіч і сам быў графскага роду…

      Альгерд Абуховіч нарадзіўся на Случчыне ў першай палове дзевятнаццатага стагодзьдзя – а потым паехаў на Захад. Вучыўся і жыў у Жэнэве, Рыме і Парыжы (прыкладна ў 1860). Ён успамінае польскія патрыятычныя сходкі: у нейкіх брудных бібліятэках, успамінае rue Taranne, дзе з крыкамі і лаянкай эміграцыя разьбіралася, хто больш любіць Айчыну і каго больш любіць яна. І вось ён – самы цудоўны эпізод з парыскага жыцьця Абуховіча:

      “…Паміж маладзёжы я быў адзін зь Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку – добра прыпраўленае le vin chaud. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўныя самых ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і не зь пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, і капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер’ян Калінка, пазьнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацьвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым выйшла ўсё”.

      Вось так забаўляўся ў Парыжы будучы беларускі літаратар. Які ў тых самых успамінах разважае пра францускія дыялекты: раней асноўнай была гаворка Langue d’Oc, а цяпер Langue d’Oїl – так што невядома, які дыялект трэба браць асновай для беларускай мовы. Гэта ягоны адказ на закіды Багушэвіча, што, маўляў, Абуховіч ня ўмее абыходзіцца зь беларускім націскам (насамрэч з рытмам у Абуховіча ўсё значна лепш, чым у аўтара “Дудкі”). Абуховіч цытуе Шатабрыяна, расказвае анэкдоты пра Анры IV і апісвае кальвіністаў Жэнэвы. Жыцьцё, вартае раману. Але Абуховіч ня хоча гарцаваць на крэслах і разьбірацца з унутранай паліцыяй. Ён хоча гаварыць з мужыкамі – і піша, абмакнуўшы пяро ў прывезеную з Парыжу чарніліцу, пра тое, як “ваўкалак стаў ракам”. Абуховічу брыдка. Абуховіч думае пра Парыж.

      6. Лётчыкі. Прынцы. Удавы

      Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ў савецкай імпэрыі любілі больш, чым якога іншага францускага пісьменьніка. “Плянэта людзей”, “Начны палёт”, ну і, вядома, “Маленькі прынц”. Экзюпэры стаўся для савецкіх людзей такім сымбалем Францыі, якому сама Францыя была непатрэбная – бо радзімай і нацыянальнасьцю гэтага аўтара было неба. Тое, што на зямлі існавалі нейкія там францускія калёніі, было


Скачать книгу