Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
што так выйшла. Калі дзесьці зрабіць дзірку – трэба быць гатовым, што ўсё пасыплецца, што ўсё з гэтага моманту пойдзе ня так.
Нешта ўпала ёй на шыю, і яна накрыла гэта рукой. Расьціснула пальцы – тонкая палачка з усяе моцы рабіла выгляд, што яна палачка. Лёся паднесла яе да самых вачэй, палачка затрапятала і пабегла па далоні, перамясьцілася на запясьце – і Лёся пяшчотна зьдзьмула яе адтуль. Яшчэ адзін беспрытульны дотык, які блукае па лесе. Яна з задавальненьнем перагарнула старонку і пачала, каторы ўжо раз, разглядваць наступную – тую, куды бег іхны будучы шлях, і знайшла ягоны працяг, і ўсьміхнулася. Усьміхнулася вавёрцы, што глядзела на Лёсю, не міргаючы – быццам Лёся расказала ёй толькі што гісторыю, страшную гісторыю… Верыць ці ня верыць? – чыталася ў вавёрчыных вачах. Ай, ну цябе. І вавёрка кінулася да дрэва, зайграўшы на кары кароткую мэлёдыю недаверу – такая хуткая, нібыта ёй трэба было зараз жа, неадкладна спраўдзіць, ці не нахлусіла ёй гэтая дзяўчынка. Дзяўчынка Лёся, якая не баіцца валасатага моху пад сваім жыватом. Рухавага, бухматага, зялёнага, як нечае ўспацелае пуза.
“Знайшоў”, – сказала яна напаўсьцьвярджальна, калі Лёччык, распраўляючыся з гальлём, зьявіўся з кустоўя. Але твар у яго быў незадаволены. Лёччык ня стаў садзіцца побач, стаяў над ёй, хістаўся, абапіраючыся на свой кій.
“Знайшоў, – сказаў ён змрочна. – Знайшоў нож. Не іржавы”.
“Дык дай паглядзець”.
“Глядзі”, – і ён кінуў нож у мох, так, каб той утыркнуўся лязом, а ручка бліснула на сонцы. Яна дастала нож, абцерла, правяла бакавой паверхняй па запясьці. Гэта быў ужо іншы дотык. Дотык, у якога быў гаспадар.
“Файны, – сказала Лёся. – Але ж ён амаль новы. Прыгожы. І тут надпіс па-нямецку. Зроблена чалавекам, зроблена зь любоўю, зроблена для людзей”.
“Так, – сказаў Лёччык. – Яго купілі зусім нядаўна ў Швайцарыі”.
“Нейкі ты ня рады”, – Лёся села і пачала чысьціць пазногцямі пальцы ног, паміж якіх набілася розных чорных істотаў.
“Я знайшоў востры нож, – сказаў Лёччык з гордасьцю. – Але ня толькі нож. Нож быў у ягонай кішэні”.
Лёччык павёў яе ў гушчар, і там яна пераканалася на ўласныя вочы: нож быў у кішэні. У кішэні чалавека, які ляжаў, апусьціўшы твар у маленькае балотца, быццам піў ваду. Побач акуратна стаяла вядро, напалову поўнае прыцярушаных ігліцай і лісьцем грыбоў. Чалавек быў у непрамакальнай куртцы, на нагах ягоных былі рыбацкія боты, а па сьпіне чалавека, па ягонай патыліцы, па валасах поўзалі малыя і вялікія сьляпыя лясныя дотыкі. Чалавек піў – і ніяк ня мог напіцца. Мяркуючы па тым, што пальцаў ягоных ужо не было відаць, настолькі глыбока яны ўгрузьлі ў вільготнай зямлі, ён піў ужо некалькі дзён.
“Нож тырчаў у яго з кішэні, – сказаў Лёччык. – А вось тут у яго была кроў. Праўда? Лёся, праўда?”
Яна не адказвала. Глядзела, як чалавек п’е ваду. А вады меней ня робіцца.
“Мы ня будзем яго пераварочваць на сьпіну”, – сказала Лёся.
“А я хачу перавярнуць”, – сказаў Лёччык.
“А мы ня будзем”, – сказала Лёся пагрозьліва. І паказала яму свае адрослыя кіпцюры.
“Аддай