Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
адзін ход – лясная сьцяжына, якая сям-там яшчэ асьвятлялася далёкім, ашчадным, усё больш бясьсільным сьвяцілам. Было сонца, а стала сьвяціла – таму што сьвяціла гэта мінулы час, падумала Лёся. Пасьвяціла – і хопіць.
Гэтая адзіная сьцяжына вывела іх да балота, але Лёся адразу ж заўважыла, паднесла палец да вуснаў і паказала Лёччыку: на ўскраі балота нешта цямнела. Яны абышлі балота і апынуліся твар у твар з самай незвычайнай хацінаю, якую ім даводзілася бачыць.
Першай яе сакрэт зразумела Лёся.
“Глядзі! – сказала яна ціха. – Чытай!”
Хатку і праўда можна было прачытаць, як кнігу. А можна – разглядваць, як выставу карцін. Яе сьцены былі складзеныя з кардонных скрынак рознага памеру і колеру.
“Слодыч, – сказаў Лёччык. – Камунарка…”
Але тут былі ня толькі слодыч і камунарка. Тут быў зэфір у шакалядзе і без, тут былі скрынкі з-пад пончыкаў і бэрлінэраў, упакоўкі ад мармэляду і халвы, тут былі “Сладости мучные” – Лёччык, які ганарыўся, што добра ўмее чытаць на Языку, прачытаў: Сладості мучітельные, і Лёся падумала, што гэта гучыць нават смачней. Уяўляць, што хавалася ў гэтых скрынках, было сапраўды пакутліва-прыемна.
“Я галодны”, – сказаў Лёччык. І бессаромна паглядзеў на Лёсю.
“Што? – павярнулася яна да яго. – Гавары мне ў іншае вуха. Я чамусьці гэтым ня чую”.
“У якое?”
“У гэтае. Запомні. Гэта важна”.
“Мая сястра глухая, – сказаў Лёччык. – Толькі ня трэба мяне душыць, добра?”
Але Лёся зноў не дачула.
Дах хаткі быў зроблены з бляшанак ад рагачоўскай і глыбоцкай згушчонкі, і Лёся падумала, як, напэўна, весела сядзець у такім дамку ў дажджлівы дзень і слухаць, як кроплі граюць табе сваю звонкую песьню. На вокнах хаткі замест шкла быў нацягнуты цэляфан фірмовай крамы “Ласунак”, а зусім маленькая, шырынёй у крок, вэранда цалкам была складзеная са скрыняў, у якіх, калі верыць надпісам, захоўваліся ўкраінскія цукеркі “Шалена бджілка”, цудоўныя хрусткія напалітанкі і вафэльныя торцікі фірмы “Рашэн”.
Толькі вось бяда. Уся гэтая тара была пустая. Дастаткова было лёгенька пастукаць па скрынках, каб пачуць, што зьмесьціва іхнае даўно было зьедзенае. І ні Лёччыку, ні Лёсі тут ніхто не пакінуў ні кавалачка.
“Паглядзі, дзе мы апынуліся”, – папрасіў Лёччык, і Лёся машынальна разгарнула “Атлас”.
“Мы яшчэ ня трапілі на мапу, – сказала яна. – Нам яшчэ ісьці і ісьці. Я думаю, што яны не маглі тут усё зьесьці. Яны проста аднесьлі прысмакі ўсярэдзіну, каб дождж не папсаваў”.
“Думаеш, нам можна туды ўвайсьці?” – адгукнуўся Лёччык, з сумневам углядаючыся ў цэляфан на вокнах.
“Можна”, – пачулі яны скрыпучы голас, і павярнулі галовы туды, адкуль ён пачуўся – да зусім ужо цёмнага лесу.
5. Замяніўшы адно слова на іншае, ты нічым не рызыкуеш
Замяніўшы адно слова на іншае, ты нічым не рызыкуеш, падумаў доктар. Вядома, большасьць з гэтым не пагадзілася б. Асабліва так званыя паэты. Людзі звыклі лічыць, што слова мусіць быць дакладным. Людзі вераць у стыль і