Сонечны чалавек (зборнік). Андрэй Дзічэнка
ліўшы экзамены ў інстытут. Служба прайшла ў далёкай гарачай краіне, якую нашы па нейкай прычыне залівалі кіпячым свінцом. Валодзька вярнуўся без кісцей рук і з дурной усмешкай на твары.
Сярод дзяцей у двары адразу ж з’явілася легенда, што ў далёкай краіне ў Валодзькі замест кісцей былі шасціствольныя кулямёты, на якія ён прамяняў свае рукі. Але вайна скончылася, кулямёты ў Валодзькі канфіскавалі, а замарожаныя рукі з’елі галодныя сабакі. Напэўна, яны яшчэ пагрызлі і мозг хлопца, бо ён зусім перастаў складна размаўляць.
– Шэсць двухсотых і адзін трохсоты! – казаў Валодзька і біў сябе куксамі ў грудзі. Круглявасці на іх былі падобныя да адпаліраванага да бляску цвёрдага камяка снегу, які хацелася абавязкова памацаць.
Дзядзька Міша, каржакаваты мужычок, які працуе на мясцовым заводзе, заўсёды са шкадаваннем глядзеў на Валодзьку і ківаў галавой. Ён сказаў хлопцам, што Валодзька насамрэч герой і раней быў дэсантнікам, з якога трэба было б браць прыклад. Але хлапчукі, узброеныя драўлянымі аўтаматамі, не вельмі хацелі станавіцца дэсантнікамі.
– Разумееце, дзядзька Міша, калі ва ўсіх дэсантнікаў забіраюць кісці рук на вайне, то мы не хочам быць дэсантнікамі.
Бачачы такія паражэнчыя настроі, дзядзька Міша пачынаў гучна лаяцца, і хлопчыкі кідаліся ўрассыпную. Шмат часу Валодзька праводзіў з хлопцамі. Вёў на школьную дыскатэку, а калі ўсіх, акрамя яго, прапускалі на пляцоўку, абапіраўся на іржавую металічную агароджу і спрабаваў танцаваць. Падчас гэтых дзеянняў з яго твару не сыходзіла ўсмешка.
– Трохсоты! – звярнуўся неяк да яго адзін з хлопцаў па імені Рома. Ад гэтага слова, сказанага староннім чалавекам, Валодзя здрыгануўся. – Гэй, трохсоты! – паўтарыў Рома і звонка шчоўкнуў пальцамі.
– І шэсць двухсотых! – адчайна крыкнуў Валодзька і, упаўшы на зямлю, пачаў плакаць. Рому стала сорамна. Разам з двума сябрамі ён падышоў да Валодзькі, які ўпаў, і, злёгку прыўзняўшы яго, шэптам папрасіў прабачэння. У адказ былы салдат зноў усміхнуўся і абняў Рому.
У адрозненне ад свайго сына, мама Валодзькі выглядала зусім няшчаснай. Калі раней яе грузнае цела можна было ўбачыць на драўлянай лаве каля пад'езда, то цяпер яна старалася пазбягаць людской увагі. Тыя, хто бачыў яе, казалі пра змярцвелы і бледны колер яе скуры.
– Быццам хтосьці абляпіў твар белай плёнкай, у якую звычайна пакуюць мёртвых жывёл, – казаў Рома сябрам.
Голас мамы скалечанага салдата Рома чуў толькі аднойчы, калі да яе прыходзіла іншагародняя камісія з трох высокіх і каржакаватых мужчын. Яны прыехалі на чорнай машыне і, агледзеўшы лядашчыя трохпавярховыя дамы, падняліся да іх дадому, стараючыся не глядзець на выпадкова сустрэтых людзей.
Прабыўшы ў кватэры ў Валодзькі ўсяго некалькі хвілін, людзі спусціліся ўніз і селі ў машыну. Гучна зароў матор, і пасля недоўгачасовага віску аўтамабіль схаваўся за завулкам, узняўшы слуп пылу. Маці Валодзькі ўпершыню пасля яго вяртання дадому адвесіла шторы і, расчыніўшы акно, крыкнула на ўсю вуліцу: «Мой сын – герой!».
Праз некалькі хвілін Валодзька паказаўся на вуліцы з чырвонай зоркай, якая целяпалася на яго клятчастай кашулі. А яшчэ праз гадзіну ён дзесьці ў пустынных дварах згубіў яе і сумны сядзеў на лаўцы, паклаўшы абодва абрубкі сабе на галаву. Зусім крыху – і адчай змяніўся б плачам, але малыя адшукалі зорку. Рома на правах старэйшага паклаў яе ў нагрудную кішэню Валодзькавай кашулі.
– Адзін трохсоты! – ад радасці пракрычаў Валодзька і пачаў малаціць сябе ў грудзі. Потым ён раптам засумаваў і, паглядзеўшы на неба, шэптам вымавіў: «І шэсць двухсотых…»
Валодзька і далей жыў бы ў сваёй кватэры разам з маці, насіўся б з хлопцамі за дваровымі сабакамі і вёрз усякае глупства, калі б аднойчы ў двор не зайшлі прыезджыя хлопцы з прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Грубыя і лысагаловыя, яны пачалі піць гарэлку проста ў альтанцы, пабудаванай невядомым цесляром роўна ў цэнтры двара, абрамленага некалькімі дамамі. Дарослыя стараліся не заўважаць агрэсіўную моладзь, ад якой можна было зарабіць праблем. А тыя з радасцю задзіралі малодшых, патрабуючы грошай і падпарадкавання.
Спачатку прыезджыя адабралі драўлянае ружжо ў аднаго хлапчука. Разламаўшы цацку на некалькі кавалкаў, яны гучна засмяяліся і пачалі далей абмяркоўваць свае надзённыя праблемы. Затым, выпіўшы рэшткі спіртнога, сталі бадзяцца па двары і забіраць дробязь у іншых дзяцей. Якраз у гэты момант з пад'езда выйшаў Рома.
– Ёсць пятак? – раўнуў адзін з тройцы.
Рома, які не прывык да такіх просьбаў, самлеў.
– Ты што, не зразумеў? Гані грошы, чорт малалетні! – другі з кампаніі дэманстратыўна разбіў пустую шкляную бутэльку, зрабіўшы з яе “ружачку”. Прыставіўшы яе да горла Ромы, ён пачаў абмацваць кішэні.
– Тры двухсотыя! – віскнуў Валодзька, які імкліва набліжаўся. Збіўшы з ног хулігана, ён сціснуў яго абрубкамі рук і ўчапіўся зубамі ў горла крыўдзіцеля.
Пырснула кроў. Валодзька зубамі рваў шыю хлопца, чуліся страшныя гартанныя рыкі. Ад спалоху два іншыя хуліганы тут жа ўцяклі, а напалоханы Рома прыціснуўся спінай да драўляных дзвярэй пад'езда.
Як толькі хуліган