Сонечны чалавек (зборнік). Андрэй Дзічэнка
Сам Кафка думаў, што яму далі такое імя праз бясстрашнасць, якую яго мама называла «адмарожанасцю».
Нос яго быў перабіты ў двух месцах. А адзін толькі погляд даваў зразумець, што ў любую секунду Кафка гатовы сціснуць кулакі і надаваць па твары і рэбрах выпадковаму мінаку. У іншых сітуацыях, сустракаючы сабе падобных, ён мог дастаць складанчык і пакінуць асабісты аўтограф на жыватах і тварах супернікаў.
Не, ён зусім не быў агрэсіўным хлопцам. І нават у першыя секунды зносін з вартавымі парадку стараўся паводзіць сябе ветліва і з павагай. Але нічога не дапамагала. Людзі ў форме, як галодныя дваровыя сабакі, кідаліся на яго з дубінкамі і шокерамі. Ён жа, нібыта быў тыграм у мінулым жыцці, упіваўся ў глоткі супернікаў, і тыя баязліва вішчалі, размахваючы сродкамі самаабароны.
– Такіх, як ты, не любяць, – казаў яму тоўсты прапаршчык, які пісаў чарговы пратакол.
– Такія, як я, наогул на мяжы вымірання, – адказваў Кафка, прыкусіўшы скрываўленую і распухлую губу. Рукі яго былі прыкаваныя да крэсла тугімі кайданкамі. За спінай стаяў змучаны сяржант з бліскучым ад поту тварам, ён раз-пораз біў Кафку цвёрдай дубінкай па галаве. Як толькі Кафка хацеў павярнуць галаву і адгыркнуцца, сяржант біў кулаком яго па шчацэ і пагражаў дастаць чорны пісталет Макарава, які пах машынным маслам.
Кафка ведаў, што гэтыя пачвары не наважацца пакараць яго смерцю. Максімум – ганебная клетка з сырой падлогай і сядзельцамі, запалоханымі сістэмай падаўлення. Сярод іх збіты бунтар яшчэ мацней адчуваў, як яго пажырае знутры полымя ўнутранай свабоды.
Калі ён ляжаў на пыльных нарах у вузкім ізалятары часовага ўтрымання, то на імгненне падумаў, што ў гэтым жыцці яму нічога не страшна. Нават смерць.
Але Кафка хлусіў.
Адзінае, ад чаго яму станавілася невыносна жудасна, гэта думкі пра дзяўчыну, чыё імя пачыналася на літару “Я” (але не Яна).
Ён уявіў, што калі Я. (не Яна) аднойчы прыйдзе да яго заплаканая і скажа «Кафка, пашкадуй мяне», то ён упадзе ў ступар, не ведаючы, што адказаць.
Кафка шмат разоў уяўляў сабе гэты стан поўнага бяссілля, кампенсаваны адноснай свабодай. Кожны раз, калі яму заломлівалі рукі, аблівалі халоднай вадой, білі драўлянай качалкай па ступнях, паклаўшы жыватом на стол следчага, ён уяўляў, як Я. (не Яна) глядзіць анёлам на ўвесь гэты жах i ўсміхаецца. А потым, калі сіл ужо не засталося і падзецца няма куды, – гладзіць яго па галаве і просіць пашкадаваць. Пасля гэтых слоў ён заўсёды губляўся – любіць і шкадаваць яго не вучылі.
Дзясяткі разоў яна прасіла гэта зрабіць, пакуль яшчэ не было крыві, злых людзей, бессэнсоўных загадаў і размытай мэты бясконцых гарадскіх бадзянняў. Але ўсё заўсёды заканчвалася аднолькава.
Кафка ціхенька заплакаў у халоднай і цеснай камеры.
А ўсё таму, што Я. (не Яна) ужо ніколі да яго не прыйдзе. Нават у анёльскім увасабленні.
Зідавудзін
Ты ляжыш на канапе і шэптам кажаш, што больш нічога не хочацца, акрамя як накрыцца цяплей і чакаць, калі пахаладае і не пацягне гуляць па цёмнай вуліцы.