.

 -


Скачать книгу
ўсе кепскія ўчынкі.

      «Ты так часта называеш мяне маленькай дзяўчынкай, што я ўжо паверыла ў гэта. Што я – маленькая дзяўчынка на дзіцячай пляцоўцы. Я босая, а ў густой сакавітай траве шмат вострых аскепкаў. Ножкі рэжуцца. Каленкі б'юцца. Рукі цягнуцца да пагнутага турніка, які нехта моцны хацеў прыціснуць да зямлі. Рукі цягнуцца да дугі. Калі ўзяцца за яе аберуч, можна папаўзці ўверх».

      Мы не імкнёмся ўвысь. І тым больш не пераадолеем гэтую крутую дугу, падобную да горнага серпантыну, абсыпанага чорным попелам. Зідавудзін нагадае пра гэта мінімум два разы на дзень.

      Калі надыходзіць ноч, арганізм патрабуе зносін. Праз пастаяннае бяссонне толькі і хочацца рабіць, што размаўляць адно з адным. Гэта ўсё ж лепш, чым спаць. Каця баіцца нават думаць пра сны, таму што можа адключыцца, лежачы на спіне. А калі засне на спіне, то яе абавязкова званітуе і яна захлынецца. Яе і так пастаянна ванітуе, а паміраць яна не хоча. Прынамсі такой смерцю. Таму і глядзіць па баках цёмнага пакоя. Ці проста ляжыць на жываце і бубніць пад нос усякія недарэчнасці.

      Цяпер яна на кукішках, глядзіць на сябе ў люстэрка і ўсміхаецца сваёй худзізне. Кожная костачка, кожнае рабро прасвечваецца скрозь яе бледную скуру. Стукні мацней – костачка трэсне, і працяглага тупога болю не абмінуць. Толькі акуратнае абыходжанне адно з адным ратуе нас.

      Каця ўсміхаецца і кажа, што стала б найлепшай сяброўкай мастака. Або прафесара анатоміі. Або лекараў, якія змогуць паказваць яе студэнтам. Яны будуць глядзець на яе з асуджэннем. Не зусім так, як глядзяць лекары, якія бачылі ўжо самых страшных пацыентаў на апошніх стадыях хваробы.

      – А як на цябе глядзяць лекары?

      Лекары глядзелі з цікавасцю. Калі ўсё гэта пачалося і яшчэ ніхто не ведаў, што рабіць, што калоць і прапісваць. Санітаркі мылі падлогу пеністым сродкам, ад якога пахла гуашшу. Спрабавалі пасыпаць нас хлоркай. Іншыя людзі стараліся не размаўляць, хоць на іх панурых тварах праглядалася цікавасць.

      Заўсёды наступала чарга раздражнення. Якраз у той момант, калі адэптаў Зідавудзіна стала так шмат, што затхлыя бальнічныя палаты проста не маглі змясціць усіх. Напэўна, у гэтай арміі хапіла б сілы арганізаваць сваю ўласную краіну. Але праз некаторы час іх чакалі абсалютная бездапаможнасць і хатні стацыянар, дзе можна было размясціць сваё цела.

      Прыгнечаны крывятвор падобны да вібрацыі. Або іншапланетных касмічных прамянёў.

      Вірусная нагрузка – гэта варожы бамбавоз, які падае і аскепкамі падпаленай матэрыі ўтыкаецца ў зямлю. Порах гарыць страшным, шыпячым і надзвычай гарачым полымем.

      – Ты калі-небудзь уяўляла, як ён наогул выглядае?

      І Каця маўчыць. А потым натхнёна распавядае, як на школьнай лінейцы разам з сяброўкай запускала яркія каляровыя шарыкі. Яны ляцелі да свінцовага неба, падганяемыя ветрам. Як толькі апошні з іх схаваўся за аблокамі, пачаўся дождж.

      Ён такі ж вясёлкавы, прыгожы. Няўлоўны, як той шарык, што ляціць. Не такі надакучлівы, як Зідавудзін.

      Не парашок


Скачать книгу