Каханне (зборнік). Мікола Калядны
прачнуўся ад нейкай валтузні ў хаце. Хвіліну-другую ляжаў, прыслухоўваўся і раптам пачуў:
– Ме-э!
Ён кумільгом зляцеў з печы і знерухомеў. Долех ляжала загорнутае ў хабаўздзё мокрае цяля. Маці рушніком выцірала ягоную пыску. Пахла цёплым сырадоем.
– Толькі што карова ацялілася, – з радасцю паведаміла яна. – Папрызірай пакуль за ім, а я ў хлеў на хвілінку.
Цялятка дрыжала і аблізвалася. Косця ўсьміхнуўся і з пяшчотаю пагладзіў яго па галоўцы.
Нечакана яно ўстрапянулася і заварушылася, аслабаняючыся ад рыззя. Паціху апрастала ножкі, закоўзала імі па масніцах і памкнулася падняцца. Толькі паслізнулася і ўпала. Але не страціла жадання і тут жа паспрабавала зноўку ўстаць. На гэты раз атрымалася. Пахістваючыся, цяляці пастаяла якую хвілінку і няўклюдна зрабіла першы крок. Затым – другі, трэці. Упэўненасць расла ўвачавідкі – і ўжо хутка яно смела дрыбала.
Знянацку ў люльцы, што стаяла ля печы, завіскатала, патрабуючы ўвагі і прыгляду, немаўля. Косцік павярнуўся, даў яму смактаць пустышку і пачаў калыхаць. Браціку было каля годзіка. Ён яшчэ нічога не цяміў, не хадзіў і ўсяго дамагаўся крыкам. Соска яго сцішыла ненадоўга. Праз колькі імгненьняў ён выплюнуў яе і завішчаў яшчэ гучней.
Кастусь нездаволена ўздыхнуў і пабег клікаць маці.
А цялё ўжо гулялася, падкідвала азадак і брыкала ножкамі.
39
Як толькі кукурузнік зрабіў чарговы заход і выпусціў над полем паласу з хімікатамі, дзеці з радасцю пачалі лямантаваць і падскокваць.
Статак таксама ўсхваляваўся і стаў рассыпацца. Каровы пудліва зыркалі ў неба і разбягаліся. Сабраць іх у такі час было надта складана.
– Косця, забягай ад балота, халера іх бяры! – крыкнуў стары і ляснуў пугаю.
Хлопчык, махаючы дратаванкаю, панёсся напярэхваткі адурэлай скаціне.
Сябрукі з ахвотаю далучыліся і заўзята зазбіралі чараду.
Але некалькі жывёлаў усё ж збіліся на беразе, а адна дык сягнула прама ў багну.
Пярэпалах сцінуў дух людзей.
Яны ўжо нічым не маглі ёй дапамагчы і толькі назіралі, як небарака цялёпкалася, шалёна раўла, умольна зіркаючы на бераг, і хутка знікала ў твані.
Калі ўсё скончылася і ў паветры павіснуў смутак, дзед са шкадаваннем вымавіў:
– Каб жа было якое знаццё пра гэтую бяду…
40
На гэты раз заняткі праходзілі незвычайна.
Настаўнік Ікар прапанаваў кожнаму абраць мясціну на ўлоньні прыроды і знаходзіцца там у поўнай адзіноце. Ідэя вучням спадабалася, і яны радуючыся, з вялікім імпэтам распачалі выбар, тоячы свае запаветныя надзеі, галоўная з якіх была – свабода: нарэшце іство разняволіцца і будзе самім сабою.
Цікава, што настаўнік поспех практыкаванняў злучаў таксама з гэтым, але сваёй задумы не выдаваў.
У прызначаны час ён паслаў у эфір агульны сігнал, і юнакі, аддаленыя адзін ад аднаго на сотні метраў, аднолькава адчулі ўнутраную вібрацыю. Гэта іх збянтэжыла, бо кожны разлічваў на нейкі індывідуальны падыход і штосьці нечаканае.
– Сёння вы будзеце лятаць, – абвясціў Ікар, і