Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
не так самотна! Што ж вы думаеце? Выгадавала аднаго хлопчыка, а яшчэ з адным не здолею зладзіць?
Бася нават не ўсміхнулася. Згорбіўшыся, яна моўчкі глядзела, як вячэрае Міхал, і гаротна ўздыхала час ад часу.
У яго пакоі дзяўчынка зноў прынялася за ўмольванні.
– Ну як жа ты не разумееш, Баська, – ужо ў які раз тлумачыў ёй Міхал, – ехаць са мной табе небяспечна, а тут ты пад апекай карміцелькі. Ужо хто-хто, а яна цябе не дасць пакрыўдзіць! Тым больш табе лепш быць побач з люстрам: што, калі раптам яно адчыніцца?!
– Ды не адчыніцца яно! – усхліпнула Бася. – Стары ж казаў, што раней, чым праз паўгода, я дамоў не траплю.
– Паслухай, Баська! – усклікнуў Міхал, пляснуўшы сябе па лбе. – А што, калі ты пажывеш у старога, пакуль мяне не будзе? Можа, ён табе яшчэ нешта распавядзе ці адправіць дадому раней?
– Ну, не ведаю, – з сумневам у голасе працягнула Бася. – А на колькі дзён ты едзеш?
– Не дзён, Басенька. Тыдні на два-тры, ну, самае вялікае – месяц.
– Так доўга? – у дзяўчынкі зноў на вочы навярнуліся слёзы.
– Ды ты азірнуцца не паспееш, як я вярнуся! А ў купца столькі ўсяго цікавага: і ўборы, і ўпрыгожанні, і чаго толькі няма!
– У-у… Табе абы ад мяне адкруціцца, – скарыўшыся, прабурчала Бася.
– Ну вось і добра! Заўтра раніцай пойдзем да купца дамаўляцца. Можа, ён і не захоча цябе браць у свой дом.
– Вось яшчэ! – фыркнула Бася і ганарліва пайшла да дзвярэй.
Раздзел 7
З ранку Міхал і Бася пайшлі да старога, але яго не было на месцы. Адзін з яго памагатых сказаў, што пан Альбрыхт паехаў і вернецца няхутка.
Ідучы следам за Міхалам, дзяўчынка гучна ўсхліпвала і выцірала слёзы рукавом.
– Бася, годзе! – умольваў яе юнак.
– Не магу я! – праныла яна.
– Людзі глядзяць!
– Няхай глядзяць! – сказала Бася і зарыдала яшчэ гучней. Міхал уздыхнуў і спыніўся.
– Ну чаго ты плачаш? Ну няма старога, і што з таго? Застанешся з карміцелькай.
– Не жадаю я з карміцелькай заставацца! – прамовіла дзяўчынка, утыкаючыся ў плячо Міхалу.
Ён абняў Басю і пахлопаў яе па спіне.
– Не хвалюйся так, Баська!
– Ага, не хвалюйся! А калі люстра сапраўды адчыніцца і мне прыйдзецца пайсці? А я так тут нічога і не пабачыла! Я нават на коніку не пакаталася!
– Не журыся! Я ўсё роўна яшчэ некалькі дзён буду тут. Ужо што, а на коніку ты абавязкова пакатаешся! Вось мы дамоў вернемся і адразу пойдзем у стайню! У мяне там ёсць некалькі коней. Ты абярэш таго, які табе спадабаецца. Хочаш, заўтра паедзем за горад, пакатаемся? Згода?
– Угу, – прамычала Бася.
Пакуль яны вярталіся, дзяўчынка распавядала Міхалу, які яна выдатны яздок і як ліха спраўляецца з кожным канём у сябе ў ХХІ стагоддзі.
Яны прыйшлі дадому і, як абяцаў Міхал, адразу ж накіраваліся да стайні. Калі Бася ўбачыла коней, у яе загарэліся вочы: тыя чучкі, на якіх яна каталася, ні ў якое параўнанне не ішлі з гэтымі прыгожымі, цудоўнымі істотамі!
– Хто табе падабаецца