Шоўк (зборнік). Мікола Адам
ванны і заплача.
– Чаму ты не кінеш курыць? – спытала Насця.
– Навошта? Кафка не піў, не курыў, нават гарбату з кавай не ўжываў, але неўрозу не пазбавіўся.
– Божа мой! – ускрыкнула Насця, ледзь стрымліваючы слёзы. – Адам, ты не Кафка і ніколі ім не будзеш! Чаму ты ўвесь час параўноўваеш сябе з кімсьці?..
– Я не Кафка, Насця, – згадзіўся я, – толькі хвароба, якая падкасіла, у нас з ім аднолькавая.
– Трымай, – працягнула Насця мне рэцэпт, а сама маланкава выбегла з кватэры, на хаду апранаючы куртку.
А я заплакаў.
Біў кулакамі па спружынах канапы, замаскіраваных, як салдаты, пуфам і дэрмацінам, ад свайго бяссілля, і мне не было сорамна. Упершыню я не саромеўся сваіх слёз, палюбіўшы іх, як самога сябе.
Нібы апошні кляновы ліст, на жоўтым паркеце кватэрнай восені сіратліва ляжаў аркуш з рэцэптам маіх лекаў, які я выраніў з рук, і да яго нікому не было справы, таму што ў маю хваробу не верыў ніхто, акрамя Насці. І толькі па гэтай прычыне Насця не магла вытрываць паветра, нашпігаванае, як шампур – мясам, бальнічнымі пахамі, якія незалежна ад сябе пакінулі ўрач «хуткай дапамогі» з памочнікам. Яна выбегла на свежае паветра і атруцілася ім, яно ўдарыла па крыві, што сачылася з падрапанага аб дзверы мезенца, які смакталі пакусаныя з размытай слязьмі памадай, вусны.
3
Насця не затрымалася доўга. Вярнуўшыся, яна шпурнула ў мяне экстракт алоэ і шклопадобнае цела, нібы бомбу, разлічваючы, відаць, каб я ўзарваўся, быццам маскоўскія шматпавярховікі. Зараз гэта модна, падрываць дамы, гуляючы ў герояў і пакутнікаў, прыдушаных і спрасаваных маналітнымі плітамі, зажыва палаючых у агні і праклінаючых тэрарыстаў. Толькі Насця была падобна зусім не на тэрарыстку, хутчэй, на русалку. Яна русалкай і ўвайшла ў маё жыццё, дакладней, заплыла. Учора. Я затрымаўся з сябрамі, якія любяць выпіць і закусіць за чужы кошт, у бары ГУМа. Мы адзначалі свята 8 Сакавіка і перамену надвор’я, якое мокрай халадэчай і ветрам свята сапсавала. Прынамсі, нам было ўсё роўна, нават горача ва ўтульным памяшканні за круглым столікам у кутку ад надыханага перагарам паветра і гучных размоў пра мужчынскую салідарнасць і жаночую логіку, якую мы адмаўлялі цалкам, бо, па нашым разуменні, у жанчын не можа праяўляцца ніякая логіка, не тое, што жаночая. А з магнітафона, наўмысна ўключанага прыгожымі супрацоўніцамі бара, чулася: «В голове ни бум-бум, малолетка дура – дурой!»
Даганяцца я адмовіўся і паехаў дамоў. Першае, што мяне здзівіла, калі я адчыніў дзверы – пах. Гэта быў не мой пах, атручаны танным тытунём, паветра выпраменьвала водар апельсінавага соку, які мой арганізм не ўспрымаў і выпрацоўваў імунітэт у выглядзе алергіі. Я моцна чыхаў, каментуючы кожны чых, нібы мастацкі фільм з субтытрамі. Попельніца сустрэла мяне ідэальнай чысцінёй і ўсміхалася, як шчаслівая нявеста ў час шлюбу, калі была павінна трымаць на сабе трупы цыгарэт і попел, сустракаючы мяне гэтым, як хлебам-соллю. На маім любімым стале, побач з камп’ютарам, там, дзе павінен ляжаць непачаты пачак «Прымы», нібы дыстрофік, што звесіў ногі ў адпачынку, ляжала вільготная