Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Мазуры былi, не раўнуючы, як карчы. Паказаў Кузюк, ды не на тую руку – не ўгадаў. Расшчамiў Мазура кулак, а мякiшу там няма.
– Такi, мусiць, i вядзьмар быў, раз не ўгадаў, – перабiў нехта Алесiнага малацьбiта.
– Ого, не быў!.. – заварушыў авечаю шапкаю малацьбiт. – Вот паслухай!.. Паставiў Кузюк яшчэ кварту гарэлкi, а што зробiш – не ўгадаў. Мазура дабавiў у чубе i паехаў дадому.
Прайшло, можа, гадоў дзесяць цi болей. Памёр той стары вядзьмар. Карчму нехта спалiў, там i знаку ўжо не асталося. Варочаўся Мазура з кiрмашу дадому. Шарэць яшчэ ў горадзе пачало. Покуль даехаў да Шайбакова – ноч нахапiлася. Цёмна – хоць на воўка ўзлезь. Пад’язджае да крыжавое дарогi, якраз там, дзе карчма была. Бачыць – нябожчык Кузюк стаiць. У Мазуры аж валасы зашавялiлiся. Ён шлёг па канi, а Кузюк уздагон, учапiўся за драбiну i бяжыць каля воза. Толькi каля першых дварчанскiх хат згiнуў… Прыехаў Мазура дадому, распрог каня, прыйшоў у хату i бачыць – за акном зноў стаiць Кузюк.
Мазура схапiў нейкi млён i за iм. Кузюк у возера, уплаў. I Мазура за iм. То пэўна ўтапiўся б, каб сын не пераняў. То мне ж сам Мазура расказваў…
Усе маўчалi. Нехта густа соп у нос.
– Можа, п’яны быў, сп’яна i падалося, – услых падумаў Бронiк Лiтавар.
– Вядома ж, не цвярозы, з кiрмашу едучы. Да п’янага больш прыстае нячыстая сiла, – падняўся на коленкi Алесiн малацьбiт.
Глухая ноч мякка асядала на зямлю. З жаўтлявага, заваленага хмарамi неба дзьмуў сiберны вецер. На прысадзiстым дубку шапацела, як шапацiць, блiзячыся, дождж, i дрыжала цвёрдае лiсце. У густым шуме лесу востра лускала сухое галлё.
Начлежнiкi паднялi галовы, настаўляючы вушы ў той бок, дзе быў чуваць гэты сухi нудны скрып.
Конi адышлiся пад самы грудок. На чарнаце рунi бялеўся нiзенькi Мондраў конь.
– Хлопцы, дальбог, вунь Кузюк iдзе, – раптам не то засмяяўся, не то здзiвiўся Бронiк Лiтавар.
– Ты так не смейся, дурны, цi што? – зашалпатаўся пад хвойкаю Алесiн малацьбiт.
– Цiха! – зашыкаў Мiця Корсак, выцягваючы голаў i гледзячы на грудок, дзе паслiся конi.
– Вунь i праўда нехта блiзiцца. Каб не цыганы часам, – шастаючы доўгiмi кажухамi i буркамi, паўсхоплiвалiся начлежнiкi.
– Двое iх, – сказаў Мiця, усё цiкуючы на грудок: там, прыгнуўшыся i падтрасаючы нейкiя мяшкi на плячах, наўскасяк да лесу спяшалiся невядомыя людзi. Меншы з iх, падбiўшыся ў хадзе, пачаў трохi адставаць.
– Ага, двое…
– Так чаго стаiмо? Чакаем, покуль коней не пабяруць? – засоп носам Бронiк Лiтавар i пабег, цяжка зашоргаўшы валёнкамi. Начлежнiкi, не ўспяваючы, пусцiлiся за iм. Дзе ў разорах пад нагамi правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.
Тыя двое раптам завярнулiся ўбок i падбавiлi ходу.
– А можа, ваўкі? – Алесiн малацьбiт высока паднiмаў ногi, каб не зачапiцца за ўмёрзлую груду i не ўпасцi.
– Не, людзi!.. Вуньдзека добра вiдаць…
Глухi тупат ног адазваўся ў намерзлай зямлi. Начлежнiкi апярэджвалi адзiн аднаго. У некага звiнелi цуглi.
Два ценi, што варушылiся ў нiзкiм поцемку, мусiць, учуўшы мiтусянiну i блiзкi тупат ног, заварочвалi да коней.
– Стой! –