Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў

Хвілінка. Тры гісторыі - Ігар Бабкоў


Скачать книгу
ў залежнасці ад гадзіны, пары года, месца, а таксама ад колькасці выпітага каньяку.

      Гэтая фраза магла гучаць ціха і спакушальна, у каляровай раскошы восеньскага сутоння. Магла роспачна – як званок у хуткую дапамогу. Магла гучаць сціплай канстатацыяй: так, сапраўды, больш анічога не застаецца рабіць у эпоху непапраўнай дэградацыі свету, у часы Калі-Югі, як толькі прыйсці ў кавярню і замовіць гэты кубачак з густой, цёмна-духмянай вадкасцю. І потым доўга сядзець, гледзячы кудысьці далёка, працінаючы позіркам сцены і эпохі.

      Таксама не было ясна, што значыць “прыстойная кампанія”: усе ведалі, што Францішак любіў піць каву адзін.

* * *

      Зрэшты, я дакладна ведаю, што Францішак зусім не жартаваў. Ён гаварыў чыстую праўду.

      Было такое месца ў Менску ў халодныя часы. Нават цяпер, калі ўсё змянілася, некаторым людзям – і ў асаблівыя моманты – я прызначаю там спатканні.

      Назва была дастаткова простая для эпохі, зачараванай пластыкам і сіліконам: Хвілінка.

      Адкуль яна паўстала, было невядома. Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, – гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё.

      Так, сапраўды, для большасці: смачныя пахі, прадчуванне магчымасцяў, спроба выбраць. Потым доўгая чарга. Потым каса, дзе трэба за ўсё заплаціць. Потым…

      Але не гэта было галоўным.

      Сюды можна было прыйсці, – так мы тады казалі.

      Гэта было дзіўнае месца.

      Уласна кажучы, гэта была зусім і не кавярня. Там не было асобнага ўвахода, гардэроба з люстэркам, не было залы са столікамі і афіцыянтамі. Толькі невялічкі барны закуток з трыма стойкамі, – напрыканцы адной з першых менскіх піцэрыяў. У гэтым закутку стаяў каўны апарат, на якім рабілі эспрэса – таксама адзін з першых у познесавецкую эпоху – і, напэўна, найлепшы.

      Зрэшты, і гэта яшчэ нічога не тлумачыць. Ясна, былі й іншыя месцы. Былі сапраўдныя кавярні, былі ціхія куточкі ў гастраномах, дзе стаялі каўныя апараты, і ў некаторых кава была някепская. Пад гадзіннікам, альбо на Чырвонай. Часам усе скіроўваліся туды – у пошуках чагосьці новага, незвычайнага.

      І тады знаходзілі сябе ў іншых дэкарацыях. Напэўна, проста таму, што доўга сядзець – стамляе (так сказаў адзін наш добры знаёмы, калі яго запыталі, навошта ён пацягнуўся ў Кітай з Індыі, адзін, у шостым стагоддзі нашай эры).

      Сапраўды, былі розныя магчымасці. Была Халодная кавярня, у сутарэннях пад Палацам Мастацтва, дзе каву гатаваць не ўмелі, але дзе можна было чытаць і гаварыць гадзінамі, пакуль не змерзнеш. Была Звар’яцелая кавярня ў Траецкім, на другім паверсе, дзе гатавалі толькі па-ўсходняму, і дзе весці размову было немагчыма – бо там гаварылі адразу ўсе, голасна, амаль крычалі.

      І ўсё ж такі гэты закуток быў асаблівым.

      Перш за ўсё, асаблівай была прастора.

      Гэта было ўзвышша, самае высокае месца горада. І да таго ж, месца разлому.

* * *

      Тут на паверхню выходзіла штосьці вельмі важнае.

      З левага боку ад праспекта, на якім стаяла Хвілінка, пачынаўся Верхні Горад. Паўзруйнаваны, ён адразу ж абрываўся ў Нямігу, метафізічную раку з крывавымі берагамі, з якой пачалася тутэйшая гісторыя. Яна цякла ў шматлікіх тэкстах і ўжо адтуль патрапляла ў нашую свядомасць. Рака бяссоння, так яе называлі старыя балты.

      Людзі, якія жылі тут, былі неяк выкінутыя са звычайнага радаснага колазвароту мільённага горада, з ягонымі тралейбусамі і аўтобусамі, выставамі і кінатэатрамі, новымі мікрараёнамі, дзе горда луналі духі часу. Яны выглядалі так, як быццам пражываюць ужо не першае жыццё і проста крыху стаміліся ад яго навязлівага карнавалу.

      Зрэшты, тут жылі не толькі людзі, але й цені, іншым разам здавалася, што яны і ёсць сапраўднымі жыхарамі менскіх руінаў, што толькі яны маюць правы на іх адлюдненую самоту.

      Сярод руінаў меланхалічна блукала Свіслач, аперазаная паркамі. Яна збірала стары горад у адно, пяшчотна злучала гэтыя краявіды, вымывала ўсе крыўды і пакуты, пакідаючы пасля сябе толькі халодны, чысты спакой.

      А часам нават і спадзяванне.

* * *

      Вуліцы старой часткі пачыналіся неяк незаўважна і паводзілі сябе дзіўна. Перайменаваныя не адзін раз, яны адрываліся ад назваў, якімі эпохі спрабавалі іх прыручыць, скідвалі іх з сябе як танныя апранахі.

      Яны бунтавалі, не пагаджаліся – ішлі то паралельна рэчаіснасці, то перапляталіся, з ёй і міжсобку, скрыжоўваліся і разыходзіліся ў невядомых кірунках.

      Іх было, зрэшты, няшмат, але яны шчасліва пераблытваліся ў свядомасці, і ніхто не мог пасля сказаць, што гэта было, і куды мы патрапілі: Падгорная? Дамініканская? Энгельса? Замкавая? Рэвалюцыйная?

      Яны перасталі адгукацца нават выпадковым мінакам, заціхлі ў маўклівасці.

      Часам здавалася, што ў гэтай маўклівасці хаваецца ціхая пагарда, і не толькі да радасных і бадзёрых новых мікрараёнаў, але і да


Скачать книгу