Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік). Сяргей Балахонаў
была прадвызначаная: налёт трох феніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у святарнае трымценне, паніку, з якой і скарысталі нашы войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумента зразумець цяжка. Але факт вымушанасці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумент той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам з беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За феніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі і стрыжамі, дзірка між літарамі «к» ды «ы».[24] Купцы? Курвы? Крэвы? Пытанне застаецца адкрытым.
Феніксы не сталіся з’явішчам штодзённым. Іх вобраз захоўваў арэол загадкавасці і казачнасці, як для многіх абываталяў ВКЛ, так пагатоў для жыхароў суседняй Масковіі. Дзіва-птахам уражвалі сваіх сяброў і расчульвалі сэрцы каханых жанчын. Запісы 1695 г. гавораць, што нейкі «пан Михал Богадановский оповедал и до актовых книг головных трибунальских справ вечистых уписати дал светченье, же пан Францишек на Ополю Копаць – каштелянич брестянский – през ботяна-фенекса панов Миколя Кгедройтя, Криштофа Малхеровича а Бальцера Кукшу злякал до хоробливости вомитной. А имали пред тым банкет, игде тылко водку злую за колнер проливали. А Копаць оный пил мизерне, бо юж a priori постанову собе учынил: фортель який-колвек пред другове свои выкинути. Гды тыя три паны добре пьяныя уробилися а хотели кони седлати и ехати до шуканья пригод на подспинье свое, пан Копаць мовил хитре: «Рыцареве, паны-братья мои, ходемте валей цмока звальчим». Панове смехом ся пробрали, але рушили веспол в показуемое Копцем мейсце».[25] Захмялелая брація сцяміла, хто сядзіць на ўзгорку, і стала «похвалки чынити», цвелячы фенікса выклікамі на бой: «Пане цмоче, растули очи. Имаем мечы готовы ку сечы». Птах тым часам драмаў і «в ленитве своей велькой» пракрумкаў: «А лоха в дар?» Гэтае пытанне з «цмачынае» зяпы зрынула шляхцюкоў да ўцёкаў. І беглі яны так хутка, што апынуліся неўзабаве ў страшэнным для здароўя стане, калі «похмелье еще не зачалося, а глова юж болестна ест». Як вынікае, праўдзівы сэнс бацяновай фразы быў інакшым, чым многім здавалася. Птах цікавіўся, ці атрымае ён у дарунак за сваю працу цмокаімітатарам лоха. Лохамі ў тыя і крыху пазнейшыя часы называлі конскіх самцоў (прыраўн. суч. дыял.: «лошадзь», «лашак», «лашонак»).
У верасні 1715 г. шляхціц з Ашмяншчыны Ян Ранок, кінуўшы жонку і дачку-падлетка, адправіўся ў вёску Сухадолы сватацца да маладзенькай Талімэны Андрыеўскай. Бацька ейны супраць не быў, мыслячы, што «стары конь маладое баразны не сапсуе, а фанабэрыю бабскую, якая з дачкі без ладу прэ, утаймуе». Фанабэрыя, паводле сведчання т. зв. «Леапардавага раптуляра» Ранка (1714–1718), сапраўды з Талімэны фантанавала. Што ў бацьку, што ў бок ягоных пахолкаў, што ў неспадзяванага жаніха ляцелі не толькі кепікі ды кпіны, але і глякі ды збаны. «Я чакаю князя», – цвердзіла ўпартая паненка. Вырашыўшы даць Яну гарбуза, яна шмыгнула са сваіх пакояў да гародчыка. Талімэна меркавала неўпрыкмет для ўсіх падрыхтаваць ганебны падарунак.
24
Акты Литовской метрики, собранные И. Я. Погранзоновичем. Варшава, 1887. Т. 2. Вып. 1. С. 431.
25
Присовокупление к части первой Архива Юго-Западной России. Киев, 1860. С. 315–318.