Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч

Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч


Скачать книгу
рашуча збіраўся паехаць да Зосі. Але ўвесь час нешта стрымлівала, замінала. А тут чарговы ліст ад яе. Напісала, што знайшла сабе мужа, што апякуецца ён і сынам, і яе шкадуе… Прабач, Зося, што так атрымалася, сказаў я сам сабе, скрыгатнуў зубамі і ажаніўся з Фацімой. На пятнаццаць гадоў маладзейшая за мяне. Сямёра дзяцей у нас. Сёння ўсе пры справе. А я вось тут. Прывык да беларускага пляжа…

      Апавядальнік змоўк. Пасля зняў шапку і церануў ёю па спацелым ілбе. Ці то сонца прыпякло, ці мо споведзь цяжкай аказалася. Я не ведаў, што гаварыць старому. Але ён, відаць, і не чакаў парады. Проста скінуў з плячэй цяжкую ношку, і яму спакайней стала.

      – А да Зосі часам хочацца,– прамовіў нечакана Аслан і пачаў збіраць свае нераспрададзеныя арэхі.

      Некалькі дзён яго не было. Я захваляваўся: хутка ад’язджаць, не развітацца са старым было б несправядліва. А мо ён яшчэ нешта скажа?

      Аслан з’явіўся як звычайна – пад абед. Але на гэты раз не са сваёй звыклай адзідасаўскай сумкай, а з ладным мяшком на плячы.

      На мой здзіўлены погляд патлумачыў:

      – Сёння чарнобыльцы прыязджаюць. Дзеці з вашых радыяцыйных раёнаў.

      Я хітравата ўсміхнуўся і памкнуўся нешта на гэты конт сказаць, але ён перабіў:

      – Не пра тое ты падумаў. Проста такія арэхі ў вас не растуць. А дзецям радасць патрэбна. Сам ведаю… Добра ведаю,– паўтарыў ён, і позірк яго патануў у раптоўна заблішчэлых і марудна патухлых зрэнках.

      Бяскрылы анёл, або Непачутая скарга ненароджанага дзіцяці

      Што было, тое і будзе; што рабілася, тое і рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.

Эклезіяст

      Напачатку яны існавалі паасобку. Невядомае і не выяўленае яшчэ Нешта і тыя двое, да якіх неўзабаве яно мае прытуліцца. Каб змяніць іхні свет, зыначыць іх саміх, ахінуць безагляднай захопленасцю і шчырай прыязнасцю.

      А пакуль гэтае Нешта набрынялым воблачкам лунала ў паветры, тоячы спадзеў для тых дваіх на вялікую раптоўнасць. Яно мела сваю аўру, свой настрой, сваё развіццё. Аднак, не прытуліўшыся да некага, яно было як бы раздвоеным, няспраўджаным, нябачным. Амаль нічым. А нішто, па сутнасці сваёй, не магло спарадзіць нічога новага.

      Таму гэтае Нешта рупліва падбірала ўтульнае і спрыяльнае гняздзечка дзеля ўсталявання свайго сталага панавання. Яно то праменілася радасцю, калі адчувала, што гэты спадзеў мае вось-вось спраўдзіцца, то тужліва сумавала, калі ён ператвараўся ў нязбыўны прывід.

      Ды неўзабаве Нешта адчула: з’явіўся той, хто спадзяецца на яго, гатовы прыняць, матэрыялізаваць, зрабіць рэальнасцю, якая цешыла б не толькі самога. Бо была яшчэ адна душа, якая таксама хінулася да Нечага, зачаравана трымцела ад ягонай поклічнасці.

      Памкненні іхнія напачатку былі атулены таемнасцю. Ды калі адзін яшчэ можа яе захоўваць, то дваім рабіць гэта немагчыма. Таму неўзабаве прыхаваную замілаванасць пачалі заўважаць. Пачалі ўхвальна падтрымліваць тое, што марудна,


Скачать книгу