Шал (зборнік). Юры Станкевіч
без вестак, следчы Новік – лысаваты, нягеглы чалавек у пацёртым пінжаку, якія завуць «хапункамі», – ужо каторы дзень выклікаў па чарзе ўдзельнікаў вечарынкі. У ва ўсіх было алібі, следчы Новік ведаў гэта, але пратаколы гутарак з імі неабходна было скласці, падшыць у справу і здаць начальству.
Следчы сядзеў у сваім цесным і няўтульным кабінеце, слухаў пра ўжо вядомыя яму факты і малазначныя дэталі: пра шампанскае, пра тое, як танчылі і пелі, пра гітару, пра бойку, разбітае люстэрка і ўрэшце пра поўнае зацьменне Месяца.
Следчы Новік выклікаў па чарзе чарговага ўдзельніка той вечарынкі і пасля гутаркі прасіў распісацца пад пратаколам. Здзівіў следчага Новіка толькі адзін з той кампаніі – студэнт па імені Стась. Але ўжо праз якую хвіліну следчы дапяў, што гэты Стась папросту спакваля кпіць з яго.
Так, студэнт гаварыў яму, што ў той вечар было поўнае зацьменне Месяца, што ён раней чытаў пра сем палётаў амерыканскіх астранаўтаў на той самы Месяц, і што там яны бачылі шмат незвычайнага, але ўсё гэта было адразу засакрэчана, і што на нябачным баку спадарожніка Зямлі размешчаны базы іншапланецян: там, як пчолы ў сотах, іх караблі. Следчы курыў танную цыгарэту маркі «Прыма» і не перабіваючы слухаў. Далей студэнт Стась паведаміў, што па дадзеных уфолагаў, з Зямлі на гэты час скрадзена больш за пяць тысяч чалавек. Дзеля чаго – невядома. Пэўна, тымі іншапланецянамі.
І тады следчы Новік, стараючыся стрымлівацца, выцягнуў з сейфа пухлую папку з фотаздымкамі і пасунуў студэнту.
– Гэта тыя, каго мы потым знаходзім, – сказаў ён. Студэнт Стась праглядзеў з палавіну, а потым раптам стаў шэры і папрасіў вады.
Следчы Новік наліў яму з графіна ў шклянку, пачаставаў цыгарэтай і сказаў:
– Ну, а зараз – пайшоў прэч.
Студэнт Стась ціха выслізнуў з кабінета, а следчы Новік яшчэ нейкі час сядзеў і складаў дадзеныя у спецыяльны міліцэйскі бюлетэнь па пошуку зніклых: «…прапала дзяўчына васямнаццаці гадоў, бландзінка, высокая, сто семдзясят пяць сантыметраў, у блакітнай сукенцы і туфляхшпільках чырвонага колеру»…
Дадому ён ішоў позна ўвечары. Сутонела. У начным небе вісеў яркі, бліскучы і дакладна акрэслены Месяц.
Візіт алігафрэна
Сход праходзіў, як звычайна праходзілі сходы ў апошні час: заняў сваё месца прэзідыум, выступілі выкладчык, сакратары партячэйкі і камітэта камсамола, студэнты. Гаварылі больш пра тое, што шкоднікі і ворагі яшчэ дзейнічаюць ва ўстановах і трэба быць пільнымі, што арыштаваныя раней злачынцы, пэўна, пакінулі пасля сябе агентуру. Як і надоечы, асабліва раз’юшваліся жанчыны: іх выступленні часта пераходзілі ў віск – напружанне ў зале большала, каб потым пайсці на спад.
Студэнт Янка Белавус – сутулы і светлавалосы, з мяккімі рысамі твару – сядзеў у апошнім радзе і глядзеў на сцэну, дзе над прэзідыумам і бліжэй за партрэт правадыра бялела скручанае ў рулон палатно – будучы экран. Напрыканцы абяцалі паказаць мастацкі фільм, які называўся «Партыйны білет».
За шырокім акном, якое было бліжэй да яго і куды ён кідаў