Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
шчаку, схапіўся за яе рукою, застагнаў, і Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калісьці прыносіць чалавецтву столькі пакутаў.
Камін патух. Толькі на прашчуры ярка бліскаў маленькі вугольчык. Святло не запальвалі, і ў цемры, што пакрысе наплывала з усіх бакоў, гэты зіхоткі вугольчык здаваўся мудрым пранізлівым вокам, якое праз вечнасць пільна пазірае на іх, бацьку і сына. Хацелася размаўляць шэптам, і яны так і рабілі.
Потым паглядзелі вячэрні выпуск тэленавінаў. Вярнулася шматгадовая касмічная экспедыцыя з ваколіц зоркі Праксіма Кентаўра, што з усіх зорак сама бліжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнікі, і паміж іх тры жанчыны, усе ў белым, выходзілі з карабля, махалі рукамі, смяяліся і, сышоўшы па трапу, станавіліся на калені, цалавалі зямлю… У Біскайскім заліве бушаваў жорсткі шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалі маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася «SОS»… Выступаў кіраўнік Міжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак і слоў малавата, і ён цягнуў штохвілінна: «Э-э-э…», толькі каб не маўчаць.
– Кожнае слова ватай абкладвае, – сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. – Выключы. А ў Бібліі ж напісана: «Словы мудрых – як іголкі і як увабітыя цвікі».
– Зараз не будзе ні іголак, ні цвікоў, – весела прамовіў Клён і выключыў тэлевізар.
Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцішыліся. Яны думалі, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалі аб Вялікім Жаху.
Няма і не было чалавека, які б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кідацца на коп'і, амбразуры з кулямётамі, са святою песняй узыходзіць на вогнішча, смеючыся ісці па канаце, нацягнутым між высачэзнымі небаскробамі, і ўздрыгваць, нібы заяц, ад слабага гуку, які ў глухім лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спіной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкі падкошваліся ногі і цямнела ўваччу. Колькі на планеце людзей, столькі й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсіх жывых – страх смерці, магілы. А ёсць жа страх болю і хваробы, страх цемры і вышыні, страх беднасці і здрады… Адзін баіцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сімфанічнага канцэрта, калі натхнёна і светла саліруе скрыпка. Другі баіцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая піла пілуе. За тысячагоддзі зямной гісторыі столькі набралася страхаў, дэпрэсій і стрэсаў, столькі енкаў і крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не зліцца ў адну субстанцыю, імя якой – Вялікі Жах. Людзі Вялікай Эры Плюралізму ўпершыню, твар у твар, сутыкнуліся з ім гадоў сто назад, калі ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывідах і злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самі сабою лёталі цяжкія хатнія рэчы, выстрэльваліся, як кулі, са сваіх гнёздаў электрычныя пробкі і пагрозліва крычалі сцены, зрабіліся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калі ўдумацца, унікнуць глыбей, то нічога асабліва ненатуральнага ва ўсім