Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
падзенне балкона, чорны павук на твары… Такімі, здавалася б, малазначнымі штрышкамі, імгненнымі фехтавальнымі выпадамі Жах, мяркуючы па ўсім, хацеў яшчэ да свайго прыходу падавіць чалавечую волю. Прырода Вялікага Жаху і дагэтуль вельмі слаба вывучана. Можна меркаваць, што ён наведваў людзей ужо ў каменным веку, бо праводзячы таемныя ініцыяцыі, у час якіх дзеці станавіліся паўналетнімі, маленькіх хлопчыкаў запіралі на ноч у цёмных пячорах, секлі дубцамі, выбівалі ім зубы. Дзіцячую душу такім жорсткім чынам рыхтавалі да спаткання ў далейшым жыцці з нейкай бязлітаснай грознай сілай. Што ж такое Вялікі Жах і дзеля чаго ён зноў пачаў атакаваць планету? Адказаць няпроста. На Зямлі ўжо былі перыяды актыўнага накаплення адмоўна зараджанай жывой энергіі – інквізіцыя, фашызм, сталінізм. Рашуча адмовіўшыся ад іх, пракляўшы іх, чалавецтва ўступіла ў Вялікую Эру Плюралізму. Нейкую разгадку, хоць далёка няпоўную, дае выслоўе святара і мысліцеля Аўгусціна Вялікага: «Зло існуе для таго, каб падкрэсліць сілу дабра». У падтрымку святара можна прывесці думку, што дабро заўсёды мае сэнс, а зло часта існуе бессэнсоўна.
Прайшла ноч. Раніцой у акно кабінета, дзе пісаў Гай Дубровіч, рэзка стукнуўся лясны голуб і разбіўся насмерць. Клён збег уніз, пашукаў яго ў гародчыку, у густой траве ўздоўж сцежкі, толькі ўсё дарэмна. Можна было нават падумаць, што ніякай птушкі не было, але ж на шыбіне выразна бачыліся яркія плямы крыві і шэрае тонкае пёрка, якое прыклеілася адным сваім канцом да шкла і ліхаманкава трапятала пад парывамі ветру.
– Бацька, ты возьмеш мяне на Астэроід? – спытаў Клён.
– Падумаю, – адказаў Гай, але ўбачыўшы, што вочы ў сына адразу зрабіліся сумнымі, дадаў: – Абавязкова паляціш са мной.
– А колькі ён кіламетраў у папярочніку? – не адставаў, чапіўся Клён.
– У дыяметры, – паправіў Гай, але раптам зразумеў, што сын гаворыць абы толькі гаварыць, абы не маўчаць.
– Ты што? – схапіў ён сына за плечы.
– Баюся, – шчыра прызнаўся Клён. – Давай сядзем у верталёт і паляцім з Чорнага Хутара дадому. Там – мама. Давай паляцім, бо хутка зноў надыдзе ноч.
– Напрасіўся мяне ад страху ратаваць, а сам баішся? – засмяяўся Гай. – З намі ж самы бясстрашны робат па імені Дулеб. У нас дзве аўчаркі, нямецкая і шатландская, цэлы арсенал зброі, пачынаючы ад кухоннага нажа і канчаючы газавым пісталетам. Ды мы з табой, сын…
– Выпрабаванне будзе вельмі суровае. Дзевятай катэгорыі, – прагучаў раптам ціхі, але надта выразны, як бы металічны голас.
Бацька з сынам анямела паглядзелі адзін на аднаго.
– …Мы з табой, сын, тут стогадовую асаду-аблогу можам вытрымаць, – усёткі скончыў сваю фразу разгублены Гай і спытаў у сына: – Хто гэта сказаў? Можа, Дулеб жартуе?
Але сам жа з вышыні другога паверха ўбачыў, як робат, не спяшаючыся, нязграбна падцягваючы левую нагу, ідзе па садовай дарожцы. «Трэба шарніры праверыць на левым калене», – міжволі падумаў Гай.