Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
дамоўленасці
У які раз, збіраючыся на фірму, Валерыя лавіла сябе на думцы, што ходзіць туды зусім не таму, што з ёй абяцалі заключыць дамову, і не таму, што вабіла магчымасць падзарабіць. Прычына была «нашмат больш глыбокая і філасофская», як сказала яе сяброўка. Дзяўчына кожны раз ішла туды, каб пабачыць дырэктара.
Калі на прэзентацыі, куды запрасілі Валерыю сябры, яна знаёмілася з Ігарам, то нават і не ўяўляла, што будзе прыходзіць на яго фірму кожны дзень. Спачатку проста так, а пасля адабрэння шэфам яе праекта – працаваць. У працэсе высветлілася, што Валерыя мае «вельмі патрэбныя навыкі і якасці для працы ў фірме», а таксама тое, «без чаго немагчыма працаваць у свеце інфармацыі». Такімі словамі Ігар ахарактарызаваў яе журналісцкі талент. Ён адразу сцяміў, што Лера не адмовіцца ад прапановы паўдзельнічаць ў праекце, і тут жа наабяцаў ёй безліч выгод ад такога супрацоўніцтва.
– А вось з дамовай трэба пацярпець, пакуль вышэйшае кіраўніцтва (бо мы ўсё ж такі даччыная фірма) не ўпэўніцца, што вы, Валерыя Антонаўна, сапраўды той чалавек, які нам патрэбны, – заключыў Ігар Андрэевіч.
Лера слухала і верыла кожнаму яго слову. Канешне ж, яна паспрабуе напісаць сваю канцэпцыю. I зробіць усё магчымае, каб апошняя спадабалася кіраўніцтву. Працавалася хутка. «Нават дыпломную працу не пісала на такім ўздыме», – падумалася дзяўчыне, калі яна выводзіла на прынтары апошнюю старонку прэзентацыі.
– Во, глядзіце і вучыцеся, як трэба пісаць канцэпцыю! – Ігар Андрэевіч урачыста абвёў позіркам супрацоўнікаў, калі на экране завяршыўся апошні слайд-прэзентацыі.
Галоўны менеджар адразу ж пачаў апраўдвацца, што такая «літаратурная праца» не ў яго кампетэнцыі.
– Я не пісака, а камп’ютаршчык, – з гонарам вымавіў Канстанцін.
Але дырэктар яго не слухаў. Ён павярнуўся да Леры і ўсё з той жа ўласцівай яму ўрачыстасцю прапанаваў супрацоўніцтва ў штаце фірмы.
Дзяўчына разгубілася. Яна наогул не чакала, што яе праект ухваляць, бо рабіла яго амаль інтуітыўна. Хацелася, каб з усяго спадабалася хоць што-небудзь. Валерыя няўпэўнена згадзілася. Ігар Андрэевіч жа ўжо распісваў, якая цудоўная магчымасць зрабіць сабе імя з’явілася ў яе.
– Я ўпэўнены, што мы спрацуемся, – усміхнуўся шэф і, пакуль дзяўчына не апомнілася, нагрузіў яе рознымі паперамі з агульнай канцэпцыяй праекта. – Значыць, дамовіліся. Вы будзеце весці гэты кірунак, і, калі атрымаецца, мы заключым кантракт. А пакуль што параўнуйце абедзве канцэпцыі, дапрацуйце сваю, каб некаторыя моманты не паўтараліся.
Ігар Андрэевіч рэзка спыніў свой маналог і пільна зірнуў на Леру:
– А вы б маглі быць яшчэ стылістам?
– Магла б. У мяне дыплом па профілі.
– Цудоўна! – пляснуў у далоні дырэктар. – Гэта яшчэ адзін ваш плюс. Чакаю заўтра.
Ён падняўся са свайго крэсла і правёў дзяўчыну да выхаду, паціснуўшы ёй на развітанне руку.
Лера ляцела, быццам на крылах. Яна нават не думала пра тое, што кантракт яшчэ не заключаны.