Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
галавою. Гадай тут, дзеля чаго Юдыцкі пляце павуцінне з гэтым шведам, калі так вялікага канцлера нахвальвае!
– Значыць, Сапегі ў нечым з гетманам Жулкеўскім згодныя: вунія без вайны, праваслаўны каралевіч на Крамлі? – удакладніў швед. – Няблага б знайсці якога небараку пры вялікім канцлеры вашага Княства. Цішыня запанавала на добрую хвіліну. Відаць Юдыцкі прыкідваў на якім адказе больш выйграе.
– Можа і ёсць, – пагадзіўся нібы нехаця. – калі не пакрыўджаныя, то бедныя і сквапныя. Іх прасцей перакупіць… – Лягчэй пайшла б наша бліжэйшая задача, – прамовіў швед, – не даць войскам Ражанскага і Яна Сапегі перакінуцца да караля, калі Шуйскі пойдзе на дапамогу Смаленску. А тым часам нашы падмацуюць Шуйскага і разам удараць і па Жулкеўскаму і па каралю. Калі вашы загразнуць на Масковіі, Інфлянтаў Вялікаму Княству не мець! А Вялікі Ноўгарад зваліцца нам у рукі нібы спелы яблык…Так што трэба баламуціць тую канфедэрацыю… І да вашага вялікага канцлера чарга дойдзе…Тым больш і палякі ва ўсёй аферы яго вінавацяць.
Юдыцкі азваўся не адразу.
– Не ва ўсім маюць рацыю, – зазначыў з выразным націскам. – Важна, каб царэвіч Дзьмітрый не ўдарыў Шуйскаму ў спіну. – Яшчэ мінулым вераснем у Тушыне даведаліся, што Шуйскаму далі час да Пакравоў дамовіцца з ліцьвінамі альбо саступіць ім гасударства. Не так пайшло, але папярэджанне застаецца. Лепш аб'яднаць Дзьмітрыя з Шуйскім. Хто каго паб'е, яны Жыгімонта ці наадварот, вам жа без розніцы, калі вы пра Ноўгарад і яго землі марыце.
Хёк з'едліва засмяяўся.
– Пірава перамога для абодвух? Няблага! Так і Жыгімонту Вазу мара пра шведскую карону з галавы выветрыцца, – прызнаў швед. – А ліцьвінам у Інфлянтах давядзецца па ранейшаму супраць нас адным стаяць. Бо калі б Хадкевічу больш войска…А нам жа і Пскоў патрэбен. Бражына ўспомніў прадказанне вялікага канцлера, што шведы скарыстаюць смуту, паквапяцца на Ноўгарад, а то і далей. Стрыманы смех належаў Юдыцкаму.
– Ты нібыта спачуваеш Хадкевічу ў яго нястачах з жаўнерствам. А не баіцеся, што кароль з Дзьмітрыем аб'яднаецца? Масковію захопяць і пасля разам супраць вас выступяць.
Ці то швед быў зусім не пасведчаны ў маскоўскія падзеі, ці Юдыцкаму карцела выведаць яго асабістае стаўленне да каралеўскіх намераў, горача падтрыманых «каморнай радай».
– Гэта было б небяспечна, – прызнаў швед. – Але на такое аб'яднанне час патрэбен. Ды і Жыгімонту не рэзон нейкаму прыблуду шапку Манамаха саступаць. Невядома яшчэ, чым валацуга адплоціць, калі на Крамлі ўсталюецца.
Бражына не адчуў у тоне Хёка прыязнасці да тушынскага цара.
– Канешне Швецыі ў шкоду, калі Рэч Паспалітая памацнее за кошт Масковіі. Зямлі не мерана, люду – не лічана… Калі разам на Швецыю пойдуць, не ўзрадуешся! Глядзіш і за мора давядзецца адступіць.
Але ціхі смех шведа нібы выключаў страх перад падобнай мажлівасцю.
– Так што прыглядайся да майго знаёмца, – прамовіў з націскам, вяртаючыся да рупнага пытання. – Думаю, лепш яго не кранаць, – падкрэсліў