Навелы. Андрэ Маруа

Навелы - Андрэ Маруа


Скачать книгу
наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скінула капялюш і паліто і намерылася ісці памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухні, але ён адмовіўся:

      – Не трэба, я сам. Вазьміце кнігу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

      Я выбрала «Санеты» Шэкспіра і паспела прачытаць з іх тры, змест якіх вельмі адпавядаў майму настрою.

      Увайшоў Пітэр, паставіў перада мной столік, заслаў яго абрусікам і падаў мне ўсё, што меў.

      – Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робіце. Шчаслівая тая жанчына, што падзеліць з вамі жыццё.

      – Ніякая жанчына не падзеліць са мной жыцця… Расказвайце пра сябе, гэта цікавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

      – Так. Выходжу замуж за амерыканца.

      Ён успрыняў гэта спакойна.

      – Вы яго любіце?

      – Я павінна яго любіць, паколькі вырашыла быць з ім разам да канца маіх дзён.

      – Гэта яшчэ не довад, – сказаў ён. – Бываюць шлюбы, да якіх коцяцца павольна, нячутна, без асаблівага жадання. І раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступіць не хапае адвагі. І жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такія сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памыліцца. Адзінае, што мяне дзівіць…

      Ён спыніўся.

      – Гаварыце… Не бойцеся мяне пакрыўдзіць. Зрок у мяне востры… Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкі збоку і крытыкаваць іх.

      – Ну добра! – прамовіў ён. – Мяне дзівіць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод іх ёсць выдатныя людзі, ёсць вельмі прывабныя), а тое, што вы згадзіліся правесці з ім у яго краіне ўсё сваё жыццё… Там дык вы, напэўна, адкрыеце «новы свет», вартасці якога будуць чужыя вам… Ангельскія звычаі і забабоны… Хоць, можа, ваш жаніх сам па сабе такі дасканалы, што вы не прыдасце ніякага значэння асяродзішчу, у якім будзеце жыць.

      Я на хвіліну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пітэру Дэну, надзвычайна важна і трэба, каб я перакладала яму свае думкі дакладна, з усімі адценнямі.

      – Не перабольшвайце, – кажу, – Джэк (мой будучы муж) далёкі ад дасканаласці і, я ўпэўнена, не заменіць сабой грамадства, якое мне адпавядала б… Джэк слаўны хлопец, сумленны, і мне ён будзе добрым мужам у тым сэнсе, што мне не здрадзіць, і я нараджу здаровых дзяцей. Але па-за клопатамі аб дзецях, па-за дзелавымі інтарэсамі, палітыкай і анекдотамі пра нашых сяброў у нас амаль нічога не будзе агульнага… Зразумейце мяне правільна. Джэк зусім не дурніца, кіруе справамі лепш не трэба, адчувае прыгажосць, мае свой густ… Толькі вось паэзія, жывапіс, музыка для яго, як лішняя нагрузка. Ён аб іх ніколі не думае… Але ці так гэта важна? Ва ўсякім разе, мастацтва ёсць толькі адна з праяў чалавечай дзейнасці.

      – Бясспрэчна, – сказаў Пітэр Дэн… – Можна быць чалавекам вельмі чуллівым і не любіць мастацтва ці, дакладней, не разумець яго… Я хутчэй аддам перавагу шчырай раўнадушнасці, чым фанабэрыстаму, вытанчанаму чыстаплюйству.


Скачать книгу