Навелы. Андрэ Маруа
не пісаў. Відаць, яму падабалася ўвайсці вось гэтак у жыццё людзей, паказаць ім дарогу і знікнуць.
– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалі яго знайсці?
– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулі ніколі. Не, тады нам было вельмі добра… Шчаслівыя моманты мінулага не аднаўляюцца… Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзіўнай у маім жыцці? Ці ж не цуд, што чалавек, які перайначыў мой лёс, прымусіў жыць у Францыі, а не ў Амерыцы, які зрабіў на мяне такі моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскім аэрапорце?
– Гэта нагадвае, – заўважыў я, – антычныя міфы, калі бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымі… Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькі ўсё скончылася тым, што вы выйшлі замуж за Рэно, які, хоць і носіць іншае імя, але па сутнасці той самы Джэк.
Падумаўшы, яна сказала:
– Ну так… Чалавечую прыроду змяніць нельга, яе можна толькі падправіць.
Фіялкі ў сераду
– Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ!
Жэнні Сарб'е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.
– Не, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада… Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.
– Які жаль! – прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. – Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.
Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.
– Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?
– Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў Камедзі-Франсэз, Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.
– Талент не мае ўзросту, – прамовіла Клер Менетрые. – А што гэта за гісторыя з фіялкамі?
– О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны… Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.
– Вядома! Параўнанні – рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб'е, якая нас кінула.
– Добра! Я паспрабую… Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу…
– Давайце, давайце! – падбадзёрыў Бертран Шміт. – Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькі зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далікатнае.
– Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу… Вы ўсе тут мала пажылі яшчэ, каб помніць веліч і красу даўнейшай Жэнні Сарб'е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямі спадалі на мармуровыя плечы, яе пільны, прытоены позірк, рэзкі, нават жорсткі голас, які раптам ламаўся, увесь наліты пачуццямі, выдзялялі і падкрэслівалі сілу яе духу, яе гордае