Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі. Міхась Міхалевіч
ці каўбуноў. А зараз і ракаў не стала, і рыба памянялася. Усё памянялася: і свет, і рака памянялася. Мужык мой не любіў рыбу лавіць, а страх як любіў грыбы збіраць. А вось сын любіў рыбу лавіць. Мне з рыбы найсмачней акунь. Мянтуз – тожа смачная рыба, але акунь смачней. Лешч сухі, многа касцей, а як малы, дык адны косці. А яшчэ была даўней смачная рыба, такая круглая і даўгая, як мая ляска, каторая пішчэла. Піскун, мусіць, і звалася. Лавілі ў старарэчышчы. Але як прынясуць і вытрасуць з торбы, то крыку было! Бо яны страшныя, як гадзюкі. Не ўсе людзі піскуноў маглі есці. Плотка смачная, але таксама многа касцей. Але сына ўжо няма, і бучоў не захавалася.
Іван Святоха, 1939 г. н.:
…Самая смачная рыба ў Вільлі – судак. Цяпер яго ёсць, як вадахранілішча зрабілі. Найбольшага шчупака, што я злавіў, на 8 кіль. У сеткі. Лавілі з дзвюх лодак сеткай, якая ў нас завецца волак. Шчас волаком ніхто не ловіць. Перасталі пасля запрэту на лоўлю рыбы. Рака і даўней у Кумельшчыне была не глыбокая, толькі вось даўней ямы былі глыбокія, а цяпер ям зусім няма. Перш ідзеш па берагу, відзіш рыбу, сейчас і рыбы няма, і не відаць дна ў рацэ. Перш хадзілі на лучніцу з васцямі, усё было відаць. Восці былі вялікія, можа на дванаццаць зубоў. І зімой хадзілі з доўбнямі – лёд жа быў чысты, а сейчас лёд такі, што нічога не відаць.
Доўбнямі білі і шчупака, і яльцаў, і ментуза. Яльцаў перш колькі было. Лавілі іх на вуду зверху на машку. Машка такая была, звалася таўкала. Яна над ракой лётае. Калі на дрэва сядзе, то знімеш – і на кручок. Калі яльца засаліць, то смачней, чым селядзец. Рыба быстра на таўкалу брала. Брала таксама і жучка-грачаніка, але не так. Лавілі язя на майскага жука і што меншы быў, палавінны. На ўсе вёскі быў самы галаўны рыбак і паляўнічы Фаня з Кастык. Адна рука была ў яго паврэждзена, што нічуць не перашкадала яму быць самым лепшым. Але ён даўна памёр. Фаня як язя лавіў, бродзіў. Усе месцы знаў. Ездзіў за язём пад Караліна, там вялікай рыбы больш было. І тут рыбы было шмат, што шапкамі лавілі. Знімеш з галавы, раз – і ёсць, яе, – яльцы. Яны жырныя, і касцей меней, чым у платвы. Лавілі рыбу бучамі, сакам, таптухай з кулём. У таптуху добра лезла. Наставіш ля ціны, абтопчыш кругом, а рыба ўся ў куль. У затоках і старыцах цягалі невад. Дзе многа ціны ў затоцы, невад не працягнеш, трэба, каб чыста было. На лодке закінеш вяроўкі на другі бераг, а тады ужо з берага і цягнеш удваіх, потым саедзіняешся – і ўсё. Пападала ў невад многа, бо займаеш бальшую плошчадзь, і куль быў вялікі. На нэраст лёгка біць судака васьцямі – ён блізка да берагу падыходзіць. Там, дзе завадзі. А лешч, як нарастуе, аж вада кіпіць. І што цікава, увесь лешч пад адзін размер. Было многа і піскуноў, але я іх выкідваў на бераг, баяўся. Утраіх лавілі палазамі, удваіх цягнуць, а трэці зваўся дзед. Палазамі больш лавілі па затоках. Каля дна вядзеш, але сільна не нажымаеш, каб гразі не забрала, а то і падняць ад гразі няможна.
Ставілі і трыгубіцы, ці, як у нас звалі, путаніцы – дзве рэдзі, а пасярэдзіне сетка. Рыба ў путаніцы, нават добра не ўчапіўшыся жабрамі, не ўхадзіла, бо не давала, путала рэдзь. Хто бывае, дык ставіў рэдзь толькі з адной стараны на палатно, але з двух старон лепей. Рыба