Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
сістэму самаліквідацыі, і на борце не было нікога, хто б мог яе наладзіць.
Карабель знайшоў выйсце. Ён яшчэ мог накіравацца да зоркі і згарэць на падлёце да яе, а мог упасці на адну з незаселеных планет або сутыкнуцца з астэроідам, каб ад удару рассыпацца на маленькія кавалачкі. Але карабель вельмі хацеў зноў вярнуцца дадому, на сваю маленькую рудую планету… і выбраў для сустрэчы пустынную мясцовасць на яе паверхні, дзе ніколі не жылі людзі.
Міма праляталі спадарожнікі, эфір напаўняўся гукамі, музыкай, галасамі, пазыўнымі пасажырскіх і грузавых караблёў. Карабель набліжаўся да планеты, дзе яго даўно лічылі страчаным назаўсёды. Ён купаўся ў радыёхвалях і зноў, як многа разоў дагэтуль, радаваўся свайму вяртанню, хоць гэтым разам яно і было для яго апошнім.
Карабель увайшоў у атмасферу планеты. Яму стала цёпла – ці тое ад таго, што ён вярнуўся дадому, ці таму, што супраціўленне паветра раскаляла яго абшыўку – ён не ведаў. Ён ужо быў гатовы сустрэцца з зямлёй і з гонарам прыняць смерць, але раптам сістэма бяспекі залямантавала:
– Прама па курсе – чалавек! Прама па курсе – чалавек!
Далёка ўнізе, на самым дне атмасфернага акіяна, у той кропцы, куды падаў карабель, знаходзіўся чалавек.
Карабель пачаў тармажэнне і спыніўся ў некалькіх метрах ад паверхні планеты – проста над чалавекам. Гэта была маленькая дзяўчынка. Яна збірала кветкі сярод вялікага зялёнага поля. Карабель завіс над ёй, як гіганцкая залатапёрая птушка.
Дзяўчынка падняла галаву і шырока раскрыла вочы:
– Ого! Я падумала, што гэта воблака закрыла мне сонейка, а гэта зусім не воблака! Хто ты?
– Борт В-114, ваенны знішчальнік-перахватчык, пазыўны «Маладзік», – прадставіўся карабель.
– Нічога сабе! Той самы «Маладзік»? Ты не маніш?
Ад карабля патыхала гарачынёй, ён хоць і быў крыху пакамечаны ды з дзвюма прабоінамі па баках, але выглядаў вельмі салідна.
Дзяўчынка пералічыла зорачкі на борце карабля:
– Сорак!
– Трэба дадаць яшчэ тры, – заўважыў карабель.
Дзяўчынка пляснула ў ладкі:
– Ты ж увесь пабіты! Паглядзела б я на пілота, які вырабляў з табой такія штукі!
– Экіпаж загінуў,– паведаміў карабель.
– Ты вярнуўся дадому адзін? – дзяўчынка вельмі здзівілася. – Які ты смелы! Я б, напэўна, вельмі разгубілася і доўга плакала, і не знайшла б дарогу сама! Я і тут, бывае, блукаю. Мы нядаўна пераехалі. Раней тут была пустыня, а цяпер – зялёная зона! Суседзяў у нас пакуль вельмі мала… Слухай, а ты можаш… пакатаць мяне? Я ніколі не бывала там, высока-высока, дзе заўсёды ноч!
Карабель бясшумна апусціўся ў траву і паслухмяна адкрыў люкі. Дзяўчынка выратавала яго ад смерці. Цяпер яна была новым камандзірам борта.
– А што ты ўмееш рабіць? – спыталася маленькая камандзірша, калі заняла месца на мосціку.
– Страляць! – адказаў карабель.
– Не трэба страляць! Давай лепш… давай будзем спяваць? Я ведаю песню пра цябе! Я цябе навучу!
Карабель плыў над сваёй планетай. Зверху