Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
анкетаванне – і Леда з Ікарам атрымалі першы, кансультацыйны пропуск да спецыяліста па генетычнай селекцыі.
Генетычная селекцыя і мадыфікацыя былі абсалютнай неабходнасцю для нармальнага існавання і развіцця цывілізацыі.
Насельніцтва планеты падзялялася на Дзяцей Неба і Дзяцей Мора. Дзеці Неба нараджаліся з птушынымі крыламі і ў дзень паўналецця – у пятнаццаць гадоў – атрымлівалі «Пасведчанне арнітара» і афіцыйны дазвол на самастойныя палёты.
Дзеці Мора – людзі-амфібіі – пры нараджэнні мелі і лёгкія, і жабры, таму маглі доўгі час знаходзіца пад вадой, іншым разам да тыдня.
Маладыя пары самі маглі выбіраць, якім народзіцца іх дзіця. Для гэтага паўсюдна ствараліся Цэнтры генетычных паслуг, дзе за адносна невялікія грошы спецыялісты праводзілі маніпуляцыі з ДНК і працэдуры па штучным апладатварэнні жанчын. Кожная храмасома некалькі разоў правяралася, каб выключыць нежаданыя генетычныя збоі. З гэтай жа нагоды жанчынам забаранялася нараджаць дзяцей, зачатых натуральным шляхам: шлюбы паміж Дзецьмі Неба і Дзецьмі Мора здараліся даволі часта, бескантрольнае размнажэнне магло прывесці да распаўсюджвання ўстойлівых мутацый і поўнага вынішчэння чалавека як віду.
Самі генетыкі, з нагоды іх асаблівага статусу ў грамадстве, атрымалі права ствараць сабе нашчадкаў, якія нічым не адрозніваліся ад звычайных людзей, акрамя шасціпаласці. Іх дзеці пераймалі прафесію бацькоў і самі станавіліся генетыкамі – тэарэтыкамі або практыкамі.
Існаваў яшчэ трэці, самы вузкі, клас насельніцтва – Эліта, або Дзеці Зямлі. Манархі і тыя, у кім цякла кроў каралеўскіх дынастый, мелі прывілеяванае права нараджаць дзяцей без генетычных мутацый. Дакладней, гэта было не права, а жорсткі абавязак, прапісаны ў законах: Эліта павінна была зберагаць прыродную чысціню чалавечага віду. Дзеці Зямлі не мелі ніякай перавагі перад арнітарамі і амфібіямі – ні аб’ёмістых лёгкіх, ні шырокіх плячэй, ні загарэлай скуры, ні звышвытрымкі. Там, дзе не хапае фізічнай сілы, на дапамогу прыходзіць інтэлект. Менавіта Дзеці Зямлі рухалі прагрэс наперад, вынаходзячы новыя тэхналогіі для абслугоўвання сваіх слабых целаў.
Леда не была мутантам. Яна з явілася на свет у сям і герцага. Яшчэ да нараджэння дзяўчынцы прызначылі будучага мужа.
З самага дзяцінства Леду акружалі Дзеці Зямлі і людзі-амфібіі: Эліта, прымаючы ў свае дамы прыслугу, аддавала перавагу Дзецям Мора, таму што тыя не маглі паднімацца ў паветра. Шляхціцы не любілі, калі нехта знаходзіўся вышэй за іхнія светласці.
Леда жыла на сотым паверсе герцагскага радавога палаца. Дзяўчынку вучылі матэматыцы, мовам, сальфеджыа, геаграфіі, астралогіі і «прыемным адносінам» – мастацтву віртуознай ліслівасці і хлусні, якой прадстаўнікі Эліты павінны былі валодаць у дасканаласці. Леда не ўмела маніць, таму, як ні стараліся яе гувернёры, «прыемныя адносіны» дзяўчынцы не даваліся. Дачка Зямлі ўпарта пазбягала свецкіх раўтаў ды іншых чапурных элітарных забаў, на якіх жанчыны ацэньваліся па кошце надзетых упрыгажэнняў, велічыні маёмасці сваіх бацькоў і колькасці навуковых адкрыццяў, зробленых