Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
пазбавіцца ўспаміну аб Надзіных слязах, удалося абстрагавацца. «Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак – Фестывальны».
Знянацку нейкая трывожнасць пачала агортваць Янака. Нешта было не так, але што, ён здагадаўся не адразу. Торба, якую ён, і седзячы ў вагоне, не выпускаў з рук, была Надзіна. «І як жа я адразу не ўспомніў ёй аддаць», – думаў Янак. Паволі, бы куранятка вылупліваецца з яйка, нараджалася ахвота пакорпацца ў Надзінай торбачцы. Зрэшты, нічога цікавага ў ёй і не было. Цёплая ваўняная кофта, пустыя кантэйнеры ад ежы, свечкі, якія яна запальвала на апошняй іхняй рамантычнай сустрэчы ў яго інтэрнатаўскім пакоі – усё знаёмае, звыклае воку. У бакавой кішэні ляжала памада, люстэрка, нататнік. Янак усё быццам агледзеў. Засталася апошняя маленечкая кішэня, якая знаходзілася ўнутры сумкі. Янак адшпіліў замочак і дастаў дзіўную рэч. Што гэта было, ён пазнаў не адразу. Нейкая белая даўгаватая палоска з дзвюма чырвоненькімі рысачкамі. Нарэшце ён дапяў. Надзея зацяжарыла. Гэтая навіна так нечакана абрынулася на наіўную, яшчэ дзіцячую Янакаву галаву, што збэрсала ўсе яго думкі.
З Надзеяй яны часта сустракаліся ў ягоным пакоі, калі хлопцы ад’язджалі дамоў. «Але гэта многае мяняе. Гэта гамон усяму майму жыццю. Дзе ж браць грошы?» – плылі думкі.
Заставаўся апошні год інстытута. Яго кідаць не выпадала, усё ж не вяртацца Янаку назад у вёску свіней пасвіць. А дзе ён яшчэ грошы возьме? Вядома, горкая маці-п'яніца яму не памочнік у гэтым.
Да дома заставалася мала. На дварэ пакуль было светла, і ён вырашыў сысці крыху раней, на знаёмай яму станцыі. Яму патрэбны быў шпацыр, трэба было падумаць. Пачынаўся ўзлесак, за якім адкрывала свае ўладанні лугавая імшарына. Улетку яны з дзядзькам Кастусём і касіць ездзілі сюды, бо скрозь было суха. Аднак цяпер была восень, мінула малая Прачыстая, і імшарына напоўніцу налівалася вадой. Хлопец хутка знайшоў ва ўзлеску патрэбную яму сцежку. Вялізны камень-валун і цяпер служыў яму арыенцірам. Побач стаяла крывая шыльда на патарчацы: «Гидрологический памятник природы. Охраняется государством». Янак зламаў гэтую палку і пайшоў далей. У доле было няўходліва, мокра, ягоныя сляды хутка напаўняліся ржавай каламутнай вадой. Каб не прамачыць ногі, ён стараўся болей ступаць па куп і.
Торкаючы ў багну палкай, ён расчароўваўся. Балота штогод усё мялела. Імшара была ўжо не тая, як у ягоным валачашчым маленстве. Памалу ступаючы, з купіны на купіну, ён забываўся на нядаўнюю навіну. Бухматыя купы лазняку ды алешніку ачышчалі, як свяшчэнны агонь, ягоную свядомасць. Дзе зялёны, а дзе белакудзелісты мох пераліваўся на сонцы ўсімі адценнямі дурманных балотных чараў. Крывавыя журавіны, бы рассыпаныя пацеркі на ім, абуджалі ў свядомасці Янака дзіцячыя ўспаміны. Як даўно ён браў гэтыя ягады, стараючыся абагнаць сваю бабулю, якая, шпарка беручы па адной, па-заліхвацку напаўняла чарговае вядзерца. Пасля яму прыйдзецца перці ейныя, дый свае, вёдры за плячыма ў ванзэлку. Цяжка смылелі плечы, аднімаліся ногі, але малы ўпіраўся, не выдаваў заморанасці. Ён знаў, што назаўтра старая Хведрыха павязе ў горад прадаваць самагонку, дый возьме