Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
Алена, што робіш?
Дзяўчына хутка прачытала, зірнула ў люстэрка, зноўку зразумела, што яна самая прыгожая, і з раздражненнем, што хлопец адарваў яе ад любімай справы, адказала:
– Нічога… збіраюcя гуляць…
Тэлефон апынуўся ў руках, а сама яна стаяла насупраць люстэрка. Дзяўчына зрабіла дзясятак-другі фотаздымкаў, і адзін з іх адразу ж выклала ў інтэрнэт.
– Дык давай разам! Пагуляем удваіх…
– Ну… не ведаю…
– Давай… Сонейка!
– Добра… згодная…
– У колькі ты можаш?
– Калі з табой, то мне трэба шмат часу яшчэ…
– На што, Алена?
– Ну як? Каб сабрацца…
Узрадаваная дзяўчына легла ў ложак і пачала пісаць далей:
– Вольга, ты тут?
– А дзе ж яшчэ?
– Слухай!
– Што?
– Хлопец з’явіўся адзін, клёвы такі, пагуляць хоча. Пойдзем з намі.
– Навошта?
– Ну як… Я мала ведаю яго, затое паглядзіш, ацэніш… І гэта, блін… Пакліч Яню з Кірылам, каб кампанія была.
– Алена, ну дзе ты? У колькі?
– Зміцер, пад’язджай а дваццаць другой гадзіне да крамы «Бусел».
– Добра.
– Толькі гэта…
– Што? Усё, што хочаш!
– Я з сябрамі буду. Ты не супраць?
– Не… Канешне ж, не…
– Ну і добра…
– Хаця… Можа, мы лепш толькі ўдваіх? Навошта яны?
– Не… Магчыма, потым, калі…
Зміцер прыйшоў трошкі раней і чакаў. Ён быў моцна закаханы, таму хваляваўся і саромеўся яе сяброў. Пільна адсочваў усе бакі вуліцы. І ўсё ж яны з явіліся нечакана.
– Вітаю! Што будзем рабіць? – запыталася Алена, якая спынілася за два крокі ад яго. – Куды пойдзем?
– Давайце ў парк, – уважліва разглядаючы Зміцера, уставіла Вольга.
– Добра! – радасна сказаў ён.
– Толькі з півам! – уставіў Кірыл.
– Канешне! Не з пустымі ж рукамі ісці,– дадала Вольга.
На твары Зміцера з’явіўся выраз агіды і прыкрасці.
– Зміцер, ты ж будзеш піва? – трошкі заклапочана запыталася Алена.
– Так… вядома ж… Пойдзем выбіраць…
Хлопец не рашыўся выказаць нязгоду, каб не рызыкаваць каханнем.
Ад хвалявання ён вельмі баяўся дакрануцца да Алены, сказаць нешта не тое, таму трымаўся трошкі воддаль. І яна не спяшалася набліжацца, бо ведала, што пакуль Зміцер хвалюецца, пакуль нічога не дазволена, ён будзе выконваць усе яе капрызы.
Хоць хлопец і лётаў вакол Алены, аднак Вольга пачала праяўляць да яго цікавасць. Шматлікія позіркі, размовы, прапановы. Вользе таксама спадабаўся новы знаёмы, і яна паводзіла сябе больш адкрыта, не была такой непадступнай, як Алена. На нейкае імгненне Зміцер пачаў рэагаваць на ўвагу дзяўчыны. І тут жа Алена хутка адышлася ад яго і прытворна засумавала. Зміцер падбег да яе:
– Што здарылася? Чаго ты такая сумная?
– Я?.. Не… Усё добра.
– Я ж бачу, што