Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
але я бачу, што ён моцна прыменшыў тваё хараство, – яна расцалавала мяне і за руку правяла ў пакоі, дзе неадкладна прынялася накрываць стол для чаяпіцця. – Лем, твой фрак мы аддалі ў чыстку, праз два дні будзе гатовы.
– Ах мама, ну хто ў нашы дні жэніцца ў фраку? – узмахнуў рукамі Лемюэль.
– У нашы дні, у нашы дні, – засмяялася місіс Грымсвотн, – ты кажаш так, быццам я выхоўвалася тысячагоддзі таму і ўпершыню бачу электрычную лямпачку. Жаніся хоць у піжаме, сябар мой, абы твая нявеста была не супраць, – і яна падміргнула мне, як саўдзельніцы.
– Нявеста Лемюэля – дзяўчына строгіх правіл, так што піжаму яна наўрад ці ўхваліць, – сказала я, каб падтрымаць гутарку, і маці адразу ж павярнулася да Лема:
– Ну вось, ты чуў? Фрака табе не пазбегнуць!
Калі Лем паведаміў маці, што нам патрэбны «Самыя дзейсныя сродкі», яна без лішніх слоў правяла нас у бібліятэку, да зашклёнай невялікай шафы, што стаяла ў міжаконні.
– Усе кнігі сэра Грымсвотна тут. І тыя, што з драконавага куфра, таксама, – сказала яна з усмешкай. – Калі б цётка Генрыета даведалася, колькі за іх прапаноўвалі на чорным рынку, яна б з’ела ад злосці свае каменныя кексы разам з падносам.
– Мы толькі ад яе, – уставіў Лем.
– О, тады вам трэба не проста гарбата, – з разуменнем кіўнула яна, – я прынясу мясны пірог і сыр з варэннем. А вы пакуль шукайце, шукайце, дзеці мае.
Яна падбадзёрыла іх сваёй усмешкай і выйшла. А я глядзела ёй услед і з сумам думала пра тое, што як усё-ткі выдатна, калі ў цябе ёсць любячая маці, якая аддае ў чыстку твой фрак, спяшаецца на кухню, каб прынесці табе паесці, маці, з якой ты можаш разам нязлосна кпіць з дзівацтваў састарэлых сваякоў. Сям’я. Я быццам бы таксама не ў пячоры пустэльніка вырасла, і бабуля любіць мяне па-свойму, і цётка з сёстрамі ніколі не крыўдзілі. Але ў нашым доме неяк прахалодна, нібы хтосьці забыўся зачыніць акно і скразнячком выцягвае прочкі ўсю цеплыню сямейных адносін… Ах, як я зайздросціла Лему і яго сястры.
– Дэйсі, ты толькі паглядзі, якія тут скарбы, – мармытаў тым часам Лемюэль. – Я так удзячны табе! Калі б не ты, я б не зацікавіўся сур’ёзна прадзедам і яго працамі… Я быў нейкім перакаці-полем, а цяпер пачуваю сябе хай і маладзенькім дрэўцам, але з вельмі доўгімі каранямі…
Ён даставаў кнігі адну за адной, чытаў назвы і ставіў назад, асцярожна пагладжваючы іх па вокладках, быццам гэта былі не кнігі, а завяртушкі з іх пыльнымі мяккімі лапкамі ці бяспёры – толькі што вылупіўся – мазгаклюй… О, здаецца, я пачынаю думаць катэгорыямі Лемюэля. Таго і глядзі, маленькія нямышы перастануць мяне дзічыцца і вылезуць з норкі, каб я пачасала ім за вушкам.
– «Мастацтва варэння зелляў», «Яды і кіслоты», «Гаючыя ўласцівасці балотных раслін», «Тынктуры, адвары, слізі» – паслухай, тут адны назвы чаго каштуюць. – «Пра карысць пеўневага каменя і пра шкоду яго», «Як прыгатаваць амаладжальны эліксір у хатніх умовах»…
Матухна Лемюэля ўжо двойчы зазірала ў бібліятэку і нагадвала, што гарбата пададзена, а мы ўсё гарталі і