Сімъ побѣдиши. Алесь Пашкевіч
– У ягоным голасе пачалі з’яўляцца металёвыя ноткі: – Гэта на іншым узроўні высвечвае нашую місію ў справе яднання некалі хрысціянскіх народаў. Дае, так сказаць, паўнамоцтвы на першынства ў славянскім свеце. Ідэалагічны, так сказаць, імператыў. А старадаўняя кніга, калі хочаце – своеасаблівая грамата на тое.
У кабінеце пафасна забомкаў гадзіннік. Субачаў наструніўся і падагульніў:
– Вось, у асноўным, і ўсё. – Падняў з падлогі на стол чамаданік дыпламат, з узнятым настроем шчоўкнуў замочкамі і выклаў тонкую каленкоравую папку. – Тут тое сёе з сабранай інфармацыі. Аднак, – ён далікатна ўсміхнуўся, – перакананы, што Вы і так аб многім ведаеце. Як аб тым схіманашскім пострыгу Жахлівага… – і пасля невялікай паўзы закончыў ужо наспех і казённа: – Праявіце, калі ласка, усю адказнасць. Пра тое, што аб гэтым аніводная іншая душа не павінна ведаць, нагадваць, думаю, не варта. І яшчэ… Калі спатрэбяцца нейкія кансультацыі з боку багаслоўскага, тэалагічнага – вось тэлефон памочніка патрыярха. Дапамогуць у любы час…
…Тэатральныя рухі сцюардэсы… З тыгрыным рыкам турбіны пажыраюць «газу». Нярвовыя стыкі пліт на бетоннай «узлётцы». Зацяжны надрыўны разбег. Добра, што не пашкадаваў у аэрапорце каньяка…
Незразумелая далёкая сіла адрывае ад зямлі – як некалі зробленыя дзедам арэлі, і ўсе роздумныя трывогі: што там? як там? – застаюцца ззаду, не паспяваюць за самалётам. І вось – традыцыйная смактулька «Узлётная», нечаканая марознасць у салоне, узбітыя плантацыі бавоўны ў ілюмінатары… І непланаваны сон. Ажно да самай пасадкі, калі пад табой – мутная аправа іржава бірузовых гор, як праз малы акуляр бінокля ўбачаныя змейка дарога, чырвонагаловікі дамкоў, рознакаляровыя лáткі палеткаў, укроп дрэў… Усё раптам мітусліва пачало большаць, разбягацца і ўцякаць… Надзьмутая гума гохкае на разагрэты бетон – і можна адшчоўкнуць папружку…
Аэрапорт «Београд». Пашпартны кантроль, дарога да чыгуначнага вакзала… Усё ж добра, што ў Маскве яго ўладкавалі на самалёт, а не кінулі прарываць дзяржаўныя межы ў вагон цягніка – з перасадкай у Празе.
Аднак на вузкім пероніку ў Падгорыцы яго ніхто не сустракаў. Хоць і было дамоўлена… Сноўдаюць людзі – хто з валізамі, хто з кветкамі… Вярнуўся назад да вагона, перашкаджаючы дабірацца да выхаду іншым пасажырам, трывожна стаў збоку і зноў пачаў разглядваць мінакоў. «Господар Зец – СССР», – прачытаў на белым аркушы… Стоп, Зец… Па сербску «Заяц»…
– Добар дан! Канферэнцыя ў Падгорыцы?
– Так, добро дошлі! Прафесар Богдан Янкавіч, – знаёміцца даўжэзны маладзён у джынсавых шортах ды памаранчавай майцы і пераходзіць на расійскую, зрэдку блытаючы націскі. – Рады вас бачыць. Калі ласка, пойдзем да машыны…
Белая айчынная «Застава», у багажнік якой ледзь змясцілася сумка, ганарліва фыркае сінім воблакам, але бяжыць бадзёра. Праз апушчаныя вокны ўрываецца салёна падсушаны вецер і мякка гладзіць твар.
– А я ўжо думаў сам дабірацца, бо не адразу