Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне – але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда – задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… – Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: – Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…
– Але навошта тая купчыха пану Гераніму? – папытаўся Вырвіч.
– Не вашага гэта розуму справа, – надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму – чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць:
– З-за прыгожых вочак – наўрад… Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць – дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. І, відаць, важнае – бо чамусьці Трыбунал вырашыў умяшацца.
– Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? – здагадаўся Пранцысь. Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.
– Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбуналу грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, – суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. – Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку… Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў… Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове – чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх… Ёсць такая дзева-птушка – Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі… І няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою – спазнае руку следства.
– Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая… – падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.
– Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна – самая шкоднасць для дзяржавы! А што, калі на яе гледзячы, другія белагаловыя волі захочуць? Не, у пятлю дурную блудніцу – і ўсё!
– Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! – Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй,