Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
усё-ткі схадзіць зірнуць на тую працу, купіў шклянку чарніла на пені, прыхапіў пер’евую асадку, сем вялікіх аркушаў і выправіўся на Поўпс-корт.
Я быў прыемна здзіўлены, што ўсё аказалася так, як мы і дамаўляліся. Для мяне стаяў падрыхтаваны стол, і містэр Дункан Рос быў на месцы, каб праверыць, ці выйшаў я на працу. Ён разгарнуў перада мной энцыклапедыю на літары «А» і неўзабаве пайшоў, але час ад часу вяртаўся, каб паглядзець, ці ўсё добра. А другой ён пазычыў мне добрага дня, пахваліў за колькасць перапісанага і замкнуў кантору.
Так паўтаралася з дня ў дзень, містэр Холмс, а ў суботу мой кіраўнік паклаў мне на стол чатыры залатыя саверэны за тыднёвую працу. Гэтак жа было на наступным тыдні і яшчэ праз тыдзень. Штораніцы я прыходзіў а дзясятай і сыходзіў удзень а другой. Праз нейкі час містэр Дункан Рос прыходзіў ужо толькі адзін раз уранку, а потым і зусім перастаў. І ўсё ж, вядома, я не адважваўся пакідаць кабінет ні на імгненне, бо не ведаў, калі той можа завітаць, да таго ж пасада была настолькі добрая і так мне падыходзіла, што я ніколі не рызыкнуў бы страціць яе.
Гэтак прайшло восем тыдняў, і я ўжо перапісаў пра абатаў, і Абісінію, і абмундзіраванне, і археалогію, і архітэктуру і спадзяваўся пры належнай руплівасці неўзабаве дайсці да артыкулаў на «Б». На перапіску пайшло даволі шмат паперы, спісаныя аркушы займалі амаль усю паліцу. І тут раптам прыйшоў канец усёй справе.
– Канец?
– Менавіта, сэр. Гэтай во самай раніцай. Як звычайна, я з’явіўся на працу а дзясятай, але дзверы былі зачыненыя і замкнёныя, а пасярэдзіне прыбітая квадратная кардонка. Вось яна, можаце самі паглядзець.
Ён паказаў нам кавалак белага кардону памерам з аркуш для нататак. Надпіс быў наступны:
САЮЗ РУДЫХ РАСПУШЧАНЫ
9 кастрычніка 1890
Мы з Шэрлакам Холмсам сузіралі гэтую абвестку і маркотны твар за ёю, пакуль камізм сітуацыі не перамог усе астатнія думкі і мы проста не разрагаталіся.
– Не бачу тут нічога смешнага! – выгукнуў наш кліент, пачырванеўшы да самых кончыкаў свайго вогненнага валосся. – Калі не можаце прыдумаць нічога лепшага, як пасмяяцца, дык я магу пайсці да каго іншага.
– Не-не, – паспяшаўся супакоіць Холмс, вяртаючы кліента на крэсла, з якога той ужо амаль ускочыў. – Ні за што на свеце мне б не хацелася прапусціць ваш выпадак. Ён незвычайна свежы. І ўсё ж ёсць у ім, калі вы прабачыце мне гэтыя словы, штосьці вясёлае. Прашу, раскажыце, што вы зрабілі, калі знайшлі гэтую кардонку на дзвярах.
– Я быў агаломшаны, сэр. Не ведаў, што і рабіць. Прайшоўся па канторах па суседстве, але, падобна, ніхто нічога не ведаў пра гэта. Нарэшце я зайшоў да домаўладальніка – гэта бухгалтар, які жыве на першым паверсе, – і спытаўся ў яго, што здарылася з Саюзам рудых. Той адказаў, што ніколі не чуў пра такую арганізацыю. Тады я спытаў, хто такі Дункан Рос. Ён сказаў, што ўпершыню чуе гэтае імя.
«Гэта ж джэнтльмен з канторы № 4», – сказаў я.
«Такі рудавалосы?»
«Так».
«О, – сказаў ён, – яго завуць Ўільям Морыс. Ён адвакат і выкарыстоўваў маё памяшканне часова, пакуль