Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
яшчэ ўзважваў у думках гэтую справу, калі да Браяні-Лодж пад’ехаў прыгожы экіпаж, і адтуль выскачыў нейкі джэнтльмен, надзвычай прыгожы, цёмнавалосы, з вусамі і арліным носам, – відавочна, той самы чалавек, пра якога мне расказвалі. Было відаць, што ён вельмі спяшаецца. Ён крыкнуў рамізніку, каб той пачакаў, і праслізнуў міма служанкі, што адчыніла дзверы, з выглядам чалавека, які прыйшоў у свой дом.
Ён заставаўся там дзесьці паўгадзіны, і праз вокны гасцёўні я мімаходзь бачыў, як ён ходзіць туды-сюды, усхвалявана з кімсьці гаворачы і размахваючы рукамі. Яе саму я не бачыў. Урэшце ён выйшаў з дома, яшчэ больш узбуджаны, чым раней. Ускочыўшы ў кэб, дастаў з кішэні залаты гадзіннік і трывожна зірнуў на яго.
«Ганіце што духу! – крыкнуў ён, – спачатку да Гроса і Хенке на Рыджэнт-стрыт, а потым да царквы святой Монікі на Эджвер-роўд. Паўгінеі, калі даімчыце за дваццаць хвілін!»
Яны паехалі, і пакуль я разважаў, ці не варта адправіцца за імі, з завулка выкаціла прыгожае ландо. Плашч фурмана быў зашпілены толькі на палову гузікаў, гальштук завязаны дзесьці пад вухам, а рамяні збруі боўталіся, не замацаваныя спражкамі. Не паспеў ён спыніцца, як з дзвярэй дома выскачыла жанчына і кінулася ў ландо. Я бачыў яе толькі імгненне, але заўважыў, што яна вельмі прывабная – дзеля такога твару мужчыны часта гатовыя памерці.
– Царква святой Монікі, Джон! – крыкнула яна. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!
Нельга было страціць такі шанец, Ўотсан. Я абдумваў, пабегчы за ландо ці ўчапіцца за яго задок, калі на вуліцы з’явіўся новы кэб. Рамізнік двойчы паглядзеў на мой памяты твар, але я ўскочыў раней, чым ён паспеў запярэчыць. «Царква святой Монікі! – сказаў я. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!» Было без дваццаці пяці дванаццаць, і я, вядома, зразумеў, што ўсё гэта значыць.
Рамізнік гнаў штосілы. Не думаю, што мне даводзілася калі-небудзь ездзіць на большай хуткасці, але тыя двое гналі яшчэ хутчэй. Калі я пад’ехаў да царквы, кэб і ландо з запененымі коньмі стаялі ўжо там. Я заплаціў кэбмену і паспяшаўся ў царкву. Усярэдзіне не было нікога, апроч тых, каго я пераследаваў, а таксама ўбранага для набажэнства святара, які, відавочна, у чымсьці іх пераконваў. Усе трое стаялі на ўзвышэнні перад алтаром. Я пачаў прагульвацца па бакавым нэфе з лянотным выглядам выпадковага наведніка. Раптам, на маё здзіўленне, усе трое павярнуліся ў мой бок, і Годфры Нортан з усіх ног кінуўся да мяне.
– Дзякуй Богу! – ускрыкнуў ён. – Вы нам і патрэбныя. Хадзем! Хадзем!
– Што здарылася? – спытаў я.
– Давай жа сюды, сябра, усяго тры хвіліны, іначай яно будзе несапраўдным.
Мяне амаль пацягнулі да алтара, і, не паспеўшы прыйсці ў сябе, я заўважыў, што мармычу адказы, якія мне падказваюць на вуха, даю паруку за тое, пра што не маю ніякага ўяўлення, і ўвогуле дапамагаю Ірэн Адлер, незамужняй, і Годфры Нортану, халасцяку, узяць законны шлюб. Праз імгненне ўсё скончылася, і вось ужо джэнтльмен дзякуе мне аднаго боку, лэдзі – з другога, а святар ззяе ўсмешкай проста перада