Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
іх трэба, раты раскрыўшы, запамінаць, пераймаць і, не ўдумваючыся, выконваць, што загадаюць…
Аднак жа розніца паміж імі была. Вялікая розніца. І лепш за ўсіх аб гэтым ведаў камандзір палка Чайка.
…Ціха цурчэла скутая тонкім лёдам, на які сыпаўся і адразу ўмярзаў у яго снег, Морач. На неглыбокіх перакатах, дзе лёду не было, вада булькала мацней, закручвалася вірамі і падымала са дна каламуць. Чайка з ардынарцам ехалі назад тым жа шляхам – паўз самы бераг рачулкі; не ехалі – марудна цягнуліся. Камандзіру палка не хацелася вяртацца ў абрыдлае Семежава.
Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.
І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях, – а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, – ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны – што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!
З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах… Што ж было напачатку?
Было адступленне палякаў. Быў дзядзькі Паўла хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд СокалКутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі… Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся).
«Толькі вы, пан Чайка, казаў пан Сокал, з вашым аўтарытэтам… Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым… Падымеце баявы дух…» – і Чайка, гледзячы яму ў блізарукія, няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста падзіцячы зайздросціць яго бразготкам – у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з’яўляецца на грудзіне ў залежнасці ад зменаў улады…
Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расіі – «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» – голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, восьвось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск…
Так, паслухаў, і паверыў, як ні сорамна ўспамінаць аб гэтым і самому сабе прызнавацца… Але больш, канечне, звычайны імпульс. Проста