Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
і яго. «Нах хаўз, таварыш капітан, – аб’явіў неяк пад вечар, уваліўшыся ў штабную канцылярыю, памахваючы маўзерам, здаравезны латыш з перабінтаваным правым кулаком:
– Вайне капут, адкрываем другі фронт – буржуяў рэзаць! Так што…»
Затым Чайку сваталі ў нейкі «беларускі полк пры Румынскім фронце», паказвалі нейкі, генералам Шчарбачовым падпісаны, загад. Ён наадрэз адмовіўся.
З адной катомкаю за плячыма, дзе ляжалі гасцінцы, крыху грошай, дакументы, узнагародныя лісты, чатыры ордэны: Св. Ганны і Св. Станіслава 3х ступеней і Св. Ганны і Св. Уладзімера 4х ступеней і два разы па столькі медалёў, а таксама загорнуты ў палатно кіцель з пазалочанымі пагонамі і з аксельбантамі, ён удала дабраўся да Баранавічаў (па іроніі лёсу ў цяплушцы таго самага эшалона, якім удалося пераправіць з Румыніі у Мінск частку зброі і амуніцыі для будучага беларускага войска). Пехам, распытваючы дарогу – вайна ўсё выцерла з памяці, дапаўтакі Лютавіч, прамінуў пад уважлівымі, маўклівымі паглядамі людзей зза платоў даўжэзную вуліцу і за ваколіцай, на узлеску, убачыў такі самы, як і мроіўся яму, хутар, з сажалкай, з агародчыкам… Каля варот стаяў, узіраючыся, прыклаўшы руку да ілба, дзядзька Павал, бы дзве кроплі вады падобны на нябожчыка брата – яны нарадзіліся ў адзін дзень, 12 ліпеня, у свята – так іх і назвалі: Пятро і Павал.
Запыленыя дзядзькавы боты, яго залатаны старэнькі пінжачок… Барада сена зачапілася за галіну ігрушы і трапечацца па ветры… Кучка вераб’ёў на ўсліжанай палазамі дарозе трыбушыць конскія «яблыкі»… Даўно забытыя гукі мовы, пахі, колеры, усе гэтыя блізкія і родныя колісь і ўспомненыя зараз малюнкі – усё цяпер нахлынула, закружыла галаву, шчымлівай цеплынёй сціснула сэрца блуднага штабскапітана. Высыпалі з хаты і скаціліся з высокага ганка тры дзяўчынкі, адна перад адной меншая, і потым, ужо ў хаце, калі ваенны дзядзька, збянтэжаны гэтай захопленаурачыстай цішынёй і ўтаропленымі ў яго нецярпячымі вочкамі, развязаў катомку і пачаў выкладаць на стол сціплыя свае гасцінцы (кансерваў бляшанка, трохі цукру, пачак галет, скрыпучых на зубах, як каўчук), адна з сястрычак, самая малая, гадоў чатырох, ускараскалася яму на калена, ашчаперыла за шыю і прыціснулася да яго. Яна думала, гэта тата, якога яна ніколі не бачыла, прыйшоў з вайны. Вось тады яму на міг і заманулася, што ён нарэшце дома. Калі ўвечары, пасля лазні, яму далі чыстыя нагавіцы і сарочку, ён, перш чым надзець іх, доўга разглядаў, пасміхаючыся, круціў іх у руках і пагладжваў. Крэсла ў штанах зашпільвалася інакш, чым у галіфэ, сарочка таксама не падобная была на гімнасцёрку… У тую ноч спалася яму кепска. На двары адлегла, са страхі з манатоннай перыядычнасцю сасклізваў падталы снег і плюхаўся пад сцяну; ніяк не можна было задрамаць. У вушах стаяла дзіўнае, нязвыклае «тата», а калену і цяпер яшчэ цёпла было ад чужога цяпла…
На досвітку ён ціхенька падняўся. Выцягнуў зпад ложка катомку, спароў з кіцеля пагоны, адарваў аксельбанты. На двары пад паветкаю знайшоўся заступ; ускінуўшы яго на плячо,