Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»); «і гэты ўцёк, – і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» – са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінназеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта – уменне не пераступаць мяжы.
– Дык жыве Беларусь? – пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.
– Жыве, жыве, – адказаў кісла Чайка. – Там недзе гэты… як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі… Далажыў ён?
– Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец. Мы з ім пры Балаховічы ў Тураве жыдоў патрашылі…
– Дык што – можа, выпусці яго?
– А сам не хочаш?
Чайка крутнуў галавою – не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.
– Можа, гарбаткі? Ці па сто? – паляпаў па біклажцы на рамяні.
– Мне цяпер хоць па дзвесце…
Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі… Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.
– Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, – сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рамяня біклагу. – Табе ў накрыўку?
– Мне так.
Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).
– Не многа? – спытаў, вяртаючы біклажку.
– Ды пі, шчасце такое…
Чайка зняў мокрую фуражку, абтрос, кінуў на стол. Стомлена прысеў на нізкую парту, падкурчыўшы ногі. Ад каньяку, ды яшчэ калі закурыў, паплыло ў галаве… І Мірановіч, таксама прылажыўшыся да рыльца, таксама запыхкаў папяросаю. Стоячы спінаю да Чайкі, пазіраў у акно на, як ён выказаўся, «братанне».
– Мірановіч, – ціха сказаў Чайка, калупаючы падцёк фарбы на вечку парты, – Мірановіч, ты ведаеш, з чатырох дазораў не было ніводнага людскага, адзін усяго, там хлапчук стаіць… Вось. Я к таму гэта, – казаў ён без усялякай сувязі, – што мы ўляпаліся ў нейкае глупства… Табе не здаецца?
– Хіба? А Жаўрыда паслухаць, дык наадварот – становішча ў нас з усіх бакоў пераможнае, эўрапейскі розгалас…
– Чырвоная ануча для быка! Вось што такое для бальшавікоў гэты розгалас. Вельмі хутка яны пачнуць разбірацца, што ў іх тут робіцца пад бокам, і хопіць палка пяхоты і пары гармат, каб змяшаць нас у гэтым Семежаве з зямлёю… Табе не здаецца?
– А я хрышчуся, калі мне здаецца, – сказаў Мірановіч, раздзяляючы словы. – І, у адрозненне ад некаторых, за Беларусь мне і з зямлёю змяшацца не страшна…
Ён павярнуўся, і Чайка не паверыў сваім вачам – перад ім стаяў сур’ёзны Мірановіч; праўда, адзін міг усяго… Як бы на чым саромным злоўлены, як бы апраўдваючыся за гэтую сур’ёзнасць, дадаў развязна:
– Жартую, Чайка! Дык