Уладзевы гісторыі (зборнік). Уладзімір Сіўчыкаў
ў тамтэйшых гандляроў вельмі сімпатычнае і, як ёй падалося, ласкавае кацянятка.
“Вось, – падумала яна, – будзе мяне гэтае божае стварэнне сустракаць у доме, будзе церціся каля ног, будзе вуркатаць, як лягу адпачываць. А я буду даглядаць яго, карміць малаком святых кароў…”
Але як толькі гандляр атрымаў ад яе належныя рупіі, дык тут жа – хрусь! – і скруціў таму кацянятку галаву.
Хрысціянка-місіянерка ледзь не страціла прытомнасць, а гандляр-індус вельмі дзівіўся таму, бо быў упэўнены, што кацянятка набывалі, каб… згатаваць і з’есці яго!
Начны дырэктар
Жэня М. паспяхова скончыў Інстытут замежных моў. Прычым скончыў не педагагічнае, а вельмі прэстыжнае, элітнае перакладчыцкае аддзяленне са спецыялізацыяй “Англійская і французская мовы”.
Праз гэта атрымаў выпускнік размеркаванне ў Міністэрства энергетыкі Савецкага Саюза і чакаў адтуль выкліку. З Масквы яго паабяцалі накіраваць у доўгатэрміновую і выгодную замежную камандзіроўку.
Прычэкваць факса ці тэлеграмы было нялёгка, але і прыйсьці яны маглі ў любы момант. Таму Жэня ня мог уладкавацца ў Менску на сур’ёзную пасаду: паводле заканадаўства там маглі б затрымаць, не аддаць працоўную кніжку, покуль ня знойдуць яму замену, і прымусіць адбываць, адпрацоўваць два месяцы. А тым часам і вакансія ў Маскве напэўна прапала б.
З тае прычыны і пайшоў Жэня, каб мець хоць які заробак, працаваць вартаўніком на вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”.
Аднае раніцы прыехала да электроншчыкаў дэлегацыя замежных калег ажно з-за акіяна, з амерыканскай Сіліконавай, або Крэмніевай даліны.
Сустрэлі яе мінчукі на найвышэйшым узроўні: быў і генеральны дырэктар, і галоўны інжынер, і вядучы канструктар… Але атрымалася нечаканая загваздка – на няпэўны час пазніўся перакладчык з ангельскае мовы. Званілі яму, шукалі, як маглі, але ўсё марна. Госці нецярпліва пазіралі на гадзіннікі, і відавочна наспяваў скандал.
Раптам на галоўнага інжынера як святы дух сышоў: – А давайце паклічам за перакладчыка новенькага “начнога дырэктара”!
– Каго-каго?! – не зразумеў генеральны дырэктар.
– Ды нашага маладога вартаўніка! Ён, напэўна ж, выручыць!
Дзякаваць Богу, Жэня яшчэ ня здаў свае змены, не паспеў з’ехаць дадому, а таму госці-каліфарнійцы і гаспадары-інтэгралаўцы ўрэшце рушылі па бюро і цэхах.
“Начны дырэктар” дзве гадзіны бездакорна адпрацаваў сінхронным перакладчыкам з ангельскай і на ангельскую, за што кіраўніцтва было яму бязмерна ўдзячнае.
Затое каліфарнійцы бязмежна дзівіліся: – Што за дзіўная краіна?! Электроншчыкі найвышэйшага звяна двух слоў звязаць ня могуць па-ангельску, а вартаўнік у іх валодае дзвюма замежнымі мовамі!
Тамада
На святкаванні Уладзевай круглай даты, якую зазвычай не прынята лічыць за юбілей, за маршалка на лысагорскім лецішчы быў знаны празаік Генрых Д. і, трэба прызнаць, са сваімі пачэснымі абавязкамі спраўляўся бліскуча. Перш, чым даць