Галасы (зборнік). Макс Шчур
у тралейбусе…
Васільевіч ехаў са Свабоднага Радзіва, дзе браў удзел у перадачы на тэму «Як я правёў лета», у сваё (ах, каб жа яно насамрэч было ягоным!) выдавецтва, і яго жыццё праходзіла цяпер перад ягоным затуманеным шыбамі тралейбуса зрокам як ніколі выразна. Лета ён, між іншым, правёў на вёсцы, за чытаннем мала ўжо каму зразумелых кніг Лукаша Калюгі й Янкі Станкевіча, пра што і апавядаў на працягу сарака хвілін вядоўцу, які па-зямляцку запрасіў яго ў радыёэфір. Цяпер Васільевіч зноў замест восеньскае слаты бачыў за акном сенажаць, бачыў грыбы ў лесе, яшчэ не атручаныя радыяцыяй, бачыў руіны паблізнага панскага маёнтка, дзе ягоныя прашчуры працавалі конюхамі, чуў перадсмяротны віск суседскага кабанчыка, адчуваў смак крынічнай вады й смурод з драўлянае будкі калектыўнага карыстання – усё гэта ядналася ў ягонай галаве пад поймам «дзяцінства». Надта ж кароткай была тая райская пара бестурботнасці й гарманічнага зліцця з навакольным асяроддзем, перарваная неабходнасцю вучыцца грамаце й выпраўляцца ў вялікі свет…
У адрозненне ад Пінокіа, Васільевіч вырас без таты Карла – ці насамрэч бацьку звалі Васілём, пэўнасці не было ні ў кога, але так ужо за ім замацавалася… Маці ягоная была даяркай-ударніцай (то-бок грала на ўдарных інструментах у калгасным ансамблі народнай песні) і часцяком наведвала з гастролямі вялікія гарады вобласці, адкуль аднойчы разам з граматай за трэцяе месца ў конкурсе музычнай самадзейнасці і прывезла на сваю галаву Васільевіча. Той сядзеў у яе на галаве, ці дакладней – на карку, ажно да шасці гадоў, пакуль маці не аддала яго ў найбліжэйшы інтэрнат для таленавітых дзяцей – шкада толькі, што гэтыя дзіцячыя таленты былі збольшага несумяшчальнымі з заканадаўствам…
Пасля заканчэння школы-інтэрнату ціхі інтраверт Васільевіч хацеў быў паступаць ці то ў вайсковую вучэльню, ці то ў міліцэйскую акадэмію, бо ягоная маці не магла ўявіць свайго сына яшчэ дзе-небудзь, чымся ў казарме, адылі на зло сваім бяздушным і бязмозглым аднакласнікам (якія мала таго што здзекваліся з яго на працягу ўсіх васьмідзясятых гадоў, дык яшчэ й сапсавалі яму далейшыя жыццёвыя планы, пастанавіўшы ўсе як адзін вучыцца далей менавіта на вайскоўцаў ці мянтоў) Васільевіч падаў дакументы на філфак. Паступіць яму дапамаглі любоў да кніжак і льготныя квоты для вяскоўцаў. Па часе гэтая падзея супала з абуджэннем ягонай цялеснае пачуццёвасці й нацыянальнай свядомасці ў грамадстве. У самога Васільевіча нацыянальная свядомасць абудзілася нашмат раней за пачуццёвасць, недзе ўжо ў пачатку васьмідзясятых, калі ён упершыню ў жыцці прачытаў кніжку Апостала – не тую, што выдаў Скарына ў Піцеры, а Апостала нацыі. Спадабалася яму кніжка – шмат у ёй было ўсякіх цікавых народных выразаў, кшталту «з сракі дым», не кажучы ўжо пра некалькі эратычных сцэнаў, якія Васільевіч дагэтуль бачыў толькі на матчынай ферме і ў інтэрнацкай кухні…
Трапіўшы на філфак, Васільевіч поўнай хадою ўключыўся ў працэс нацыянальнага адраджэння й падпольнае барацьбы з