Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
канонах! Так… Але ж ці ведаеш ты, шо мой дзед, перш чым стаць капіталістам, доўга вучыўся ў Еўропе, набыў тое, шо завецца еўрапейскай культурай, набыў веды інжынера, тэхнолага. Пры гэтым ён даражыў сваёй радзімай, зямлёю, родам. І нявесту знайшоў не за морам, а тута, непадалёку ад Янава, у маёнтку Варацэвічы. Маёнтак належаў тады інжынеру-фартыфікатару Міхалу Орду. Дзед ажаніўся з яго дачкой Гартэнзіяй, сястрой Напалеона Орды… Чуў пра такога?
– Чуў. Музыка, мастак…
– Мастак, ды яшчэ які! Любы народ ганарыўся б тым, што ён, вандруючы па краіне, знайшоў, схапіў, адлюстраваў. Шчырай, чыстай, як сляза, і высакароднай душы быў чалавек!
– Я ведаю, дзе ён пахаваны. Аднаго разу быў там.
– Прыемна чуць!.. О, гэта прыроджаны патрыёт і дэмакрат. І – дэмакрат! Сімпатызаваў паўстанцам у 1830–1831 гадах і ў 1863–1864 гадах. Садзейнічаў ім. Дзеду майму ён даводзіўся сваяком і, па праўдзе казаць, сваяком не толькі па шлюбу Аляксандра з Гартэнзіяй. Нешта большае лучыла іх. Пэўна, веліч і моц духу. – Памешчык зрабіў паўзу, каб знайсці канец раней выказанай думкі.– Дык вось, дзед прывёз у Парэчча разам з тэхнікай, станкамі, машынамі інтэлектуальны капітал, найперш – яго, і адкрыў суконную фабрыку. А на думку марксістаў, адно, чым Скірмунт займаўся, дык гэта эксплуатаваў рабочых. Спрошчаны і вульгарны падыход, малады чалавек! Аляксандр, сын Сымона Скірмунта, выступаючы арганізатарам вытворчасці, стварыў рабочыя месцы для сялян, якіх папярэдне вывучыў. Дарэчы, Аляксандр Скупеўскі, калі хочаш ведаць, з сялян. А ён працаваў фарбоўшчыкам, затым вырас у тэхнолага і стаў кіраваць усім прадпрыемствам! Прыкладаў шмат… Скірмунт як-ніяк даў дзяржаве найлепшае ў свеце сукно. Скірмунт, нарэшце, плаціў падаткі і таму, можна сказаць, пастаянна дзяліўся прыбыткам з дзяржавай, мацуючы тады расейскую эканоміку. І рабочых не крыўдзіў, разам з імі ператварыў завод у акцыянернае таварыства, дзе кожны атрымліваў долю ад прыбытку. Будаваў для рабочых дамы, аплачваў кватэры. Па сённяшні дзень у Парэччы працуюць бясплатныя лякарня і народнае вучылішча… Без падтрымкі буржуя іх не было б.
Барыс маўчаў, прысаромлены і ўражаны. Так уразіла б яго, напэўна, калі б пан Скірмунт раптам дастаў з-пад сядзення пралёткі і пачаў ірваць тоўстую кнігу, на якую камуністы моляцца, – «Капітал» Маркса. На шырокім і гладкім ілбе ў Барыса выступілі кропелькі поту. Ці сведчылі яны пра пэўны заварот чалавечых уяўленняў, пачуццяў, ранейшых і сённяшніх, пра тое, што пачуцці яго супярэчылі адно аднаму, скрыжоўваліся, ламаліся?.. Адно пры гэтым ён намагаўся заставацца спакойным.
– Пане Раман, тое, пра што я спытаюся, можа прагучаць недарэчна, – сказаў ён, – але адкуль гэта вы і я – мы, тутэйшыя беларусы, узяліся?
– О, бачыш! – Памешчык задаволена ўсміхнуўся, каля вачэй сабраліся і зноў разгладзіліся маршчынкі.– Які ты цікаўны… Калі б я быў папом або рабінам, адказаў бы: ад Бога пайшлі! Жыды так і адказваюць, маўляў, яны ад Бога… Пытанне няпростае. Слова «русь» увогуле стараскандынаўскага паходжання. У часы вікінгаў «русть, або рость» азначала: