Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Піcарчукі.
Уважаючы на лагодны тон прысутныx, Ладзя пасвятлеў тварам, палагоднеў і сам, прысеў, чакаючы, пра што пойдзе гаворка.
Нейкі момант яго ўважліва разглядалі – як дзіва. Асабліва доўгі і засяроджаны позірк быў у Барыса – два гады блазен падарожнічаў па Савецкай Расеі! Якога ж ён цяпер колеру?.. Гэтая думка, бадай, цікавіла ўсіх.
– Не чырвоны – ніякі, хутчэй за ўсё – бледны, – жартуючы, першым кінуў Ладзю Паўлюк.
– Здарожыўся? – як бы ў апраўданне хлопцу спытаў гаспадар і запрасіў усіх да стала, на які спагадлівая Аксіння паставіла самавар.
– У Моталі столькі плявузгалі наконт вашых з Пінчуком і Балаганам уцёкаў,– пацягнуў далей нітку бяседы гаспадар Пятро. – У пастарунку з ног збіліся, шукаючы вас, асабліва Пінчука.
– О! Ён – шэльма! Без перабольшвання я вам скажу: хцівы чалавек! У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся там, у расейскім турэмным лагеры.
– Як? – няўцямна прыўзняўся Барыс. – За замах на жыццё Зусмана вы ўсе ўтрох сядзелі ў турме?
– Ды не. – Ладзя пачырванеў і, збянтэжаны, адсунуў ад сябе шклянку з гарбатай. – Калі вы хочаце ведаць, Зусман тут ні пры чым. Усё было не так… Не так ад самага пачатку!
– То ты, браце, раскажы, як яно было, – прапанаваў Пісарчук, на каленях у якога ўжо круцілася і штораз спаўзала пад стол трохгадовая ўнучка Маня.
– А было вось як…
І Ладзя Палто расказаў гісторыю, пра якую ў Моталі, бадай, усе збольшага ведалі, але ніхто не чуў яе ад пачатку да канца і не ведаў праўды. Дзіва што… Два гады таму ён, Палто, падгаварыў свайго аднагодка і прыяцеля Івана Філіновіча, якога звалі ў мястэчку Балаганам, пакінуць Мoтaль і папхнуцца ў запаветную далеч – камунію. Праблема была ўсяго толькі ў пошуку патаемнага месца для пераходу мяжы. Наконт гэтага Ладзя і прыйшоў да Пінчука, бывалага і абабітага польскай турмой чалавека, якому трохі пераваліла за пяцьдзесят… Чатыры гады ён адседзеў за неаднаразовы пераход усходняй мяжы і, пэўна ж, ведаў яе дасканала.
Аляксей Пінчук пашкроб патыліцу сваёй чорнай, парэпанай рукой:
– Шкада… Шкада, што я пад наглядам, пта-маць… Мне забаронена з Моталя адлучацца. Зрэшты… каб што прыдумаць, га?..
Ён уталопіўся на Ладзю сваім цыганкаватым вокам. Ладзя ўмольна і прагна глядзеў на яго.
– А што, калі знайсці прычыну-лучыну? Скажам, я еду ў Пінск на кірмаш. Дакладваю ў пастарунак, што адтуль грабуся дадому, а сам разам з вамі – да мяжы. Правяду і – гайда назад! Сапраўды!.. Вам камунія, а мне – конь. Ну, што думаеце?
Праз некалькі дзён Ладзя прыехаў да Пінчука і перадаў яму каня з возам. Той, як належнае, прыняў падарунак і загадаў Уладзіміру чакаць дома, пакуль ён не пакліча іх у дарогу.
Да Пінчука тым часам з’явіўся местачковец Зусман – яшчэ адзін кліент акурат з такой жа просьбай. Заўжды Зусман спаў і бачыў у сне камунію. Ён прасіў правесці яго на той бок; за паслугу гатоў быў аддаць дзвесце злотых. А па тым часе, да прыкладу, усяго два злотых каштаваў пуд жыта і семдзесят злотых