Сівая легенда. Уладзімір Караткевіч

Сівая легенда - Уладзімір Караткевіч


Скачать книгу
н, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэба шкадаваць.

      На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець: – Воўк вырваўся з логава…

      Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

      Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.

      Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней, – мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.

      Коней мы загналі бязлітасна, да дыхавіцы. Кізгайла страціў на гэтым не менш за сотню залатых. Але гэта была не мая справа. Я, Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, вядома, не так раскідаўся б, але я ўжо дзевяць год бачыў гэтых людзей і ведаў, што ад іх заўсёды можна чакаць самых вар’яцкіх учынкаў, за іх ніколі нельга паручыцца, таму што ў іх вецер свішча ў галаве.

      Я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.

      Яны будуць крычаць: «Воўк вырваўся з логава» і ніколі не зробяць ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх. Як быццам гэта наш абавязак – разумець іхнія тропы і іншасказы? Крый божа, калі сярод іх з’явіцца першы паэт – яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою.

      Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней – і пакідаюць пад’ёмны мост апушчаным.

      Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, – страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзясят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.

      Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве – гэтага досыць.

      Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.

      Аднак гэта не датычыцца замка Кізгайлы. Хто панюхае паветра каталіцкага храма, той ніколі не будзе такі, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такія замкі, быццам у кожны з іх вось-вось могуць прынесці крыж Пана Бога, які давядзецца абараняць ад усіх язычнікаў зямлі. Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню – недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.

      Дык вось, ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:

      Dem Wunder kann ich аuch nachlаufen.

      Sah nie kein größeren Steinhaufen!

      Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!

      Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў нацягалі на яго зямлі, узвысілі і ўмацавалі. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамі. Пасярэдзіне іх – груд-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавіне шэры каменны гмах.

      Часам мне здаецца, што Сатана менавіта тут абараняўся ад Усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардавалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.

      Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.

      Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.

      Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць. І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багацці і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.

      У гэты вечар над вежамі свяціў месяц – такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, – так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.

      У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць. Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі.

      Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, – гэта трохі прымірае.

      На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.

      – Хто ідзе?

      – Святы Юры і Русь, – сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.

      – Дзякуй богу, – стаў жагнацца вартаўнік брамы. – Чакалі вас.

      Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.

      Нас сустрэў сам гаспадар – рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая


Скачать книгу