Палескія рабінзоны. Янка Маўр
тут, а заўтра там! – падхапіў Мірон.
А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»
– Ведаеш што? – звярнуўся Віктар да Мірона. – Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.
– Ды і я нічога супраць не меў бы, – усміхнуўся Мірон, – але есці няма чаго.
– А гэта што? – пакруціў Віктар зайца над галавой.
– А якім чынам яго засмажыш?
– Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, – і ўся табе музыка.
– А хлеба, солі дзе ўзяць?
– Булкі, чаю, каўбасы! – перадражніў Віктар. – Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.
– Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, – прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.
Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.
– Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.
Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.
Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, – хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.
Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.
– Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! – у роспачы сказаў Віктар.
– Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, – упікнуў Мірон.
– Ану цябе! – махнуў рукой Віктар.
Потым ён схіліўся і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія далікатныя круглыя лісточкі так званай «заечай капусты».
– Значыцца, будзем абедаць? – сказаў ён.
Палажылі сваю здабычу і пачалі «пасвіцца».
Доўга яны жывіліся, змарыліся яшчэ болей. Нарэшце Мірон спыніўся і сказаў:
– Годзе ўжо, а то яшчэ захварэць можна.
Пасля «абеду» захацелася піць. Вада ў возеры была мутная. Трэба было шукаць лужыны, дзе яна адстаялася. Гэтая вада і была іх адзінай ежай за апошнія суткі.
Было гадзіны тры-чатыры пасля поўдня.
– Ідзём цяпер на захад, можа, там выберамся, – сказаў Мірон.
Пайшлі на захад. Мясцовасць была некаторы час даволі высокая. Пайшоў прыгожы сухі бор. Але хутка зноў уткнуліся ў балота. Прыйшлося паварочваць направа.
Віктар раззлаваўся:
– Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на старое месца. Скідай штаны! Трэба чаго б ні каштавала вырвацца адсюль. Тым болей што з гэтага боку возера няма, а толькі балота.
Яны адважна рынуліся ў багавінне.