Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
І што?
– Хадзем.
Яна схапіла спадарожніка за руку і павабіла за сабой. Для яго гэта было поўнай нечаканасцю, але ўпарціцца ён не стаў, адно папытаўшы:
– Сербкі ўсе такія рамантычныя?
– Харваткі, – крыху збянтэжылася жанчына.
– А якая розніца? – Ягор паўтарыў яе словы з размовы ў кулуарах канферэнцыі.
– Залічана, – скеміўшы, што беларус цішком узяў рэванш, пасміхнулася яна.
Не адпускаючы яго рукі, Ядранка працягвала імкліва ісці. Ішла, нібы ўжо сто разоў хадзіла гэтымі сцежкамі. Скончылася набярэжная. Колькі хвілін яны шыбавалі ўздоўж парослага хмызняком схілу. Потым павадырка запаволіла хаду і збочыла на ледзь прыкметную сцяжынку, якая праз зараснік вяла да мора. І толькі тады, калі да марскіх хваль засталося тры крокі й два прыскокі, яе поціск аслаб і Ягор неўзабаве вызваліўся. Гарэзліва смеючыся, жанчына скінула з сябе адзенне і пабегла ў мора. Яна здавалася вельмі шчаслівай і неверагодна свабоднай. Плёскаючыся ў вадзе, працягвала смяяцца. Заклікала не саромецца і далучацца да яе. Гучна спявала песню на сваёй роднай мове. З усіх слоў Руткоўскі здолеў разабраць толькі некалькі – штосьці пра «srce Balkansko i more Jadransko».
«А нічога, што гэта Чорнае мора, шаляніца?» – гізаваў у думках мужчына, але ўсё адно захоплена пазіраў і слухаў. Можа, яму і хацелася б далучыцца да гэтага шчасця, адчуць гэтую свабоду, але даймалі змеі тысячы сумневаў. Яна ж не сунімалася і клікала зноў і зноў. Урэшце ён наважыўся пераступіць праз свае ваганні. Зняў і кінуў долу майку. Ды наступны рух зрабіць ужо не здолеў – нехта, бясшумна падабраўшыся ззаду, ударыў яго па патыліцы. У вачах пацямнела – Ягор знепрытомнеў.
2
Знадворныя камеры не працавалі ад самага пачатку буры. Дакладней, іх давялося вымкнуць, бо з гэтае авечкі нат касмыля воўны не было – аб’ектывы цалкам засыпала пылам у першы ж дзень непагадзі. Столькі ж карысці мелі ад «сланечнікаў» – сонечных батарэй. Адно ветракі заставаліся непадуладнымі стыхіі і выдавалі чаканую долю электрычнасці.
Бура не спынялася вось ужо колькі тутэйшых месяцаў. Актыўная яе фаза, як выглядала, мінула. Аднак бясконцыя масы пылу, узнятага магутнымі вятрамі, што ўвесну прыйшлі з полюсаў, працягвалі лунаць над паверхняй. Покрыва, утворанае пылам, мяркуючы па ўсім, ахінула цэлую планету. Прынамсі, так сказала Марына, а ў Ягора не было прычын не верыць ёй як больш абазнанай у выбрыках мясцовага клімату.
Пылавая бура, не нашкодзіўшы базе, шкодзіла ў іншым. Яна стварыла дабрадайную глебу для парасткаў псіхалагічнага дыскамфорту. Краявіды за шклом ілюмінатараў і ў пагоду нельга было назваць выбітнымі. З надыходам жа непагадзі не засталося і гэтага – ілюмінатары змушана схавалі ў браню. Пра выезды на цяжка- ці легкавозе давялося забыць. Пра выхады, нават і па ўсіх правілах бяспекі, і пагатоў не пачыналі гаворкі. Мусілі засяродзіцца на «хатніх справах». Горы, даліны, кратары – гэта ўсё, вядома, добра. Але догляд саду і агарода, пад якія аддалі некалькі адсекаў, быў больш карысным і жыццёва важным, чым летуценная прага даследавання наваколля.