Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі
вядома ж! Па заслугах! У пашчы Цмока, якога ён доўгія гады трымаў у няволі.
– Гэта так. Але пра кій ягоны памятаеце?
І тут Янка з Міланай прызадумаліся. Падаецца, яны памяталі ўсё яскрава і дасканала, як Цмок адным рухам заглынуў Волха. А што далей было?..
– Што ж, дазвольце я вам нагадаю? Ён праглынуў таго ведзьмака, як закуску, а кій папросту выплюнуў, бы калыпок, што захрас у зубах.
– А, так, – нарэшце ўзгадалі яны тую карціну. – Кудысьці далёка-далёка, што і не было відаць.
– Пэўна, недастаткова далёка. Яго ваяры адшукалі кій. Так яны мелі хоць які шанс уласкавіць гнеў аўдавелай каралевы пасля таго, як не здолелі абараніць свайго ўладара. І дзякуючы гэтаму маглі разлічваць на літасць у Семаргала. Падацца ім больш не было куды. Семаргал сабраў магутнае войска і захапіў наша паслабленае ў бітве каралеўства. Для больш моцнага войска гэта амаль не склала цяжкасці. У нас не было ані шанцаў, ані сіл цягацца з імі.
– Падаецца, ізноў прыйдзецца клікаць Цмока на дапамогу, – разважліва падсумаваў Янка.
– А вось тут і самае непрыемнае. На вялікі жаль, няма больш Цмока. Семаргал добра падрыхтаваўся да нападу. Ён выдатна разумеў, ад каго можа сыходзіць найбольшая пагроза для яго – ад нашага высакароднага Цмока. А можа, гэта была і помста. За тое, што Цмок з’еў Волха, мужа яго пляменніцы.
Брат з сястрой на хвіліну змоўклі, ачомваючыся ад гэткіх навін.
– Але ж як яны здолелі забіць Цмока? – не хацела ўсім сэрцам верыць у гэта Мілана. – Ён жа быў непераможны.
– На кожнага знойдзецца свая бяда.
– Ахілесава пята, – выказаўся Янка.
– Прабачце, што? – не зразумеў Вуж.
– Гэта ў нас так пра слабое месца кажуць, праз якое можна нанесці нечаканую шкоду.
– Так, магчыма. Вось і ён знайшоў спосаб, якім можна перамагчы Цмока. І ўсё пры дапамозе таго вядзьмарскага кія. Семаргал, відаць, адшукаў у старажытных кнігах, як надаць кію моцы, каб знішчыць любога цмока. Высветліўшы, дзе Цмок хаваецца, ён вычакаў, калі той засне, пракраўся са сваімі ваярамі ды ўторкнуў загавораны кій у слабое месца Цмока, што пад самай пашчай на горле. Хацеў ужо і цмокава дзіцяці забіць…
– Дзіцяці? – перабіў яго Янка.
– Так, з таго самага яйка, якое вы і ўратавалі, вылупіўся маленькі цмок. На шчасце, у яго атрымалася пазбегнуць той жа сумнай долі.
– Вух, як здорава! Але ж як ён выратаваўся?
– Семаргал усё разлічыў, але не ведаў ён, што ў пячоры любіў бываць Вярнігара, які моцна прывязаўся да малога, няньчыўся з ім. І ў тую ноч таксама волат быў у пячоры, спаў побач. У цемры яго ніхто не заўважыў. Толькі, на жаль, абудзіўся ён запозна, калі працяты Цмок перадсмяротна пачаў выгінацца ў пакутах. Але шанец дапамагчы малому яшчэ быў. Вярнігара ўступіў з ворагамі ў няроўную бойку. Ён змог даць ім рады, аднак у Семаргала атрымалася ўцячы. А Вярнігара разам з маленькім цмокам вымушаны былі схавацца ў небяспечным месцы. Дзякуй, што горы і разгалінаваныя хады ў пячорах ён ведаў як свае пяць пальцаў.
– І што адбылося далей?
– Гэтага ніхто не ведае, бо не бачылі больш